ВАДКА ж. прылада (рыбалоўная). Карасёў налавіў ён вадкай у Сожы (Палессе, Чач.).
ВАДЗЕНЬ м. авадзень. Вадні каню стаяць не даюць (Халочча, Чач.); Ваднёў у гэтым годзе шмат (Неглюбка, Ветк.).
ВАДЗІЛЬШЧЫК м. асоба (што водзіць коней). Ідзі ты распутуй, а то вадзі коней, будзь вадзільшчыкам (Неглюбка, Ветк.). Параўн.важдай.
ВАДЗЯГА м. вадзяны. Было мне адзін год, павадзіў мяне вадзяга па балоту (Баравікі, Светл.).
ВАДЗЯНІК м. чайнік. Вадзянік прадраўся, чай не ў чым грэць (Башыца, Б.-Каш.).
ВАДЗЯНІК м. мазоль. Паходзіш дзень, дак такія вадзянікі панаціраеш (Баравікі, Светл.).
ВАДЗЯНКА ж. пасуда (для вады). Вадзянка з вадой стаіць на кухні (Залессе, Чач., тое ж: Стаўбун, Ветк.; Холмеч, Рэч.; Заспа, Рэч.; Палессе, Чач.; Любань, Б.-Каш.); Ваду дзержым мы толькі зімой у вадзянках, а летам яе многа не трэба (Церахоўка, Добр.).
ВАЖА ж. гіра (адзін фунт). Палажы важу на вясы, болей не трэба (Кароткавічы, Жлоб.).
ВАЖАНЁНАК (важаня, важанятка) дзіцянё (вожыка). Падабраў я тады і важанёнка (Бабовічы, Гом.); Дадому мы маленькае важаня ўчора прынеслі (Навінкі, Калінк.); Малы з важаняткам гуляе (Ручаёўка, Лоеўск.).
ВАЖДАЙ м., тое, што вадзільшчык. Ён буў увесь час важдаем (Піркі, Браг.).
ВАЖКІ прым. густы. Наварыла такога важкага супа што не можна павярнуць (Перароў, Жытк.).
ВАЖЫЦЦА незак. вагацца, хістацца. Ён усё яшчэ важыўся: ісці яму туда ці не (Баравікі, Светл.).
ВАЗАК м. конь (вазавы). Вазак харошы быў у суседа (Неглюбка, Ветк.).
ВАЗКА ж. каструля (вялікая). Параная бульба свінням стаіць вунь у вазкі (Шалухоўка, Ветк.).
ВАЙТАВАЦЬ незак. працаваць. Ох, павайтаваўся сёдня (Неглюбка, Ветк.).
ВАКЕННІЦА ж. аканіца. Красівыя вакенніцы дзелаюць у Гомелі і Рэчыцы (Баравікі, Светл., тое ж: Нісімкавічы, Чач.).
ВАКОРАК м. шынка. Зяць самастойна капціў вакорак (Башыца, Чач.); Такія вакоркі сёлета добрыя атрымаліся (Холмеч, Рэч.).
82 👁