БОРКА ж. абора (лапцей). Ад болю ён не мог сагнуцца, каб завязаць борку (Асінаўка, Чач.).
БОРС м. барсук. Борс полез у нору (Дзяржынск, Лельч.).
БОРСЕНЁ н. дзіця (барсука). Борсенё чогосьці спужалось (Дзяржынск, Лельч.).
БОРЦЬ ж. 1. вулей (на дрэве). Борці на дзерава вешаюць (Холмеч, Рэч.); 2. унутраная частка вулля. Борць у нас называюць унутры вулля (Неглюбка, Ветк.). Параўн. бычок у 3 знач.
БОРШЧ м. 1. страва (з капусты, буракоў, шчаўя). У нас, дзетка, дык і з капусты — боршч завецца і з буракоў (Меркулавічы, Чач.); Тоне, ідзі ў грады да выберы сабе качана. Наварыш заўтра боршчу. Нешто мае дзеці хочуць есьці копусьцяны (Заходы, Лельч., тое ж: Поташня, Хойн.); Боршч вараць з шчаўлям, квасяць (Пярэдзелка, Лоеўск.); 2. капуста (квашаная). А ў цэбры стаяў боршч (Запясочнае, Маз.); Ідзі набяры баршча ў пограб (Буйнавічы, Маз.).
БОРШЧОВІК м., толькі адз. назва (травы). Нашто тобе той боршчовік? З его, мабуць, варылі колісь боршч (Падворак, Лельч.).
БОСЛА аг. неадабр. гарэза, непаседа. Сядзь, босла гэты, што ён нарабіў?! (Антонаўка, Добр.).
БОСЛЫ прым. бойкі, разумны. Мая дачка яшчэ маленькая, а такая бослая (Злодзін, Маз.).
БОТ (боўт) м. кій (драўляны, жалезны). Баўтануў разоў пяць ботам, дай пачаў выцягаць сець (Шохаўка, Чач.); А боўт такі абукнавенны, жалезны (Ручаёўка, Лоеўск.). Параўн. боўціла.
БОЎТАНКА ж. страва. Боўтанка будзе з буракоў і дабаўлю туды мукі (Іскра, Чач.).
БОЎЦІЛА н., тое, што бот, боўт. Боўцілам добра заганяць рыбу (Багданаў, Карм.).
БОХНУЦЬ зак. крыкнуць. Ён яе схапіў за плечы, дык яна як бохнула (Хвойнае, Хойн.).
БОЯЗКО прысл. боязна. Боязко ісьці паўз клады (Гарадзец, Раг.).
БРАВА ж. брыво. Нахмурыць браву (Неглюбка, Ветк.); Ён упаў і расьсёк сабе правую браву (Марозавічы, Б.-Каш.); Бровы ў дзевак маіх чорныя-чорныя (Піркі, Браг.).
БРАДНЯ ж. браднік. Заўчора рыбу браднёй лавілі (Холмеч, Рэч.).
79 👁