БАТАРЭЯ ж., перан. капец (бульбы). Бульбы цэлую батарэю насыпалі (Быч, Карм.).
БАТВА ж. (батоўе н.) сцябло (карняплодаў). Парасла ў морквы бальшая батва (Неглюбка, Ветк.); Калі батва тоўстая, кучаравая, то бульба добрая (Баравікі, Светл., тое ж: Багданавічы, Карм.). Батву наградах раскладваюць (Багданавічы, Карм.); Батоўе ета пакасіць да высушыць, во будзе сена (Ручаёўка, Лоеўск.).
БАЎКАЦЬ незак. крычаць. Цяпер у нас ціха, ніхто не каўкня, не баўкня (Баравікі, Светл.).
БАЎТУХА ж. сетка (рыбалоўная). Бяры баўтуху і пайдзем лавіць рыбу (Баравікі, Светл., тое ж: Славань, Светл.).
БАЎТУХА ж. страва (нясмачная). Ну і баўтуху ты сёння наварыла, гідка есць (Хальч, Гом.).
БАЎЦЮЛЬКА ж. завушніца. Паначапляюць дзеўкі разных баўцюляк к вушам і думаюць — красіва (Шылавічы, Б.-Каш.).
БАХАР м. палюбоўнік. Дунька завяла сабе бахара (Шылавічы, Б.-Каш.).
БАХОНКА ж. баханка. Трэба Надзьцы бахонку хлеба аддаць, даўно ўжо пазычыла (Маркавічы, Целяшы, Гом.).
БАШКАВІТЫ прым. кемлівы. Оленін хлопчык башкавіты (Макарычы, Петр.).
БАЦАЦЬ незак. скакаць. Давай, бацай чэраз плот (Белы Пераезд, Петрык.).
БАЦЕНЕ н. дзіця (падобнае да бацькі). Ето ж бацене: й ходзіць, і гаворыць, як той бацько (Пясчанікі, Жытк.). Параўн. бацюта.
БАЦІСТОЎКА ж. хустка (батыставая). Бацістоўкі калісь былі красівыя, з цьвятамі (Рафалаў, Браг.).
БАЦЦА часц. быццам. Я, бацца, здаровая, а хадзіць не магу (Башыца, Б.-Каш.).
БАЦЮТА м., тое, што бацене. Сынок у мяне ўвесь бацюта, і крошкі пабраў (Халочча, Чач.).
БАЧКАР м. бондар. Бачкар і прадае бочкі (Неглюбка, Ветк.).
БЕГАЦЦА незак. бегаць. Карова твая бегаецца за быкамі (Сівенка, Ветк., тое ж: Холмеч, Рэч.); Наша авечка бегаецца (Халочча, Чач.); Во сука бегаецца, водзіць карагод (Холмеч, Рэч.).
БЕГУНКОМ прысл. ланцужком. Яна быстранька навучылася вышываць бегунком (Халочча, Чач.).
87 👁