БАРАНЧЫКІ толькі мн. кветкі. У гэтым годзе, і ў нас растуць баранчыкі. Лісьце на іх сіняга колеру, а сярэдзіна — чырвонага (Сівенка, Ветк.).
БАРАШАК м., тое, што баранчык. Барашкі ўжо прыляцелі (Каранёўка, Гом.).
БАРБАЦЕЦЬ незак. 1. стукаць. Свіння барбаціць, не хоча сядзець (Палессе, Чач.); 2. бурчаць. Прыляпілася і табе барбацець, як ржавай ліскатусе (Там жа).
БАРДЖЫЦЬ незак. абуваць (хутка). Барджы на ногу чуні (Піркі, Браг.).
БАРЗДУХА ж. селядзец (з малокамі). На стале стаяла некалькі місак барздухі, а есьці яе ніхто не хацеў (Бабовічы, Гом.).
БАРКАН м. паркан. Паміж хлявом і сьцёпкай трэба паставіць баркан, урабіць крышу, будзе повець для дроў (Шуты, Ельск.; Хвойнае, Хойн.); У цібе баркан ледзь ліпіць (Амельна, Раг.); Кругом сада стаяць вялікія барканы (Рудня, Ломыш, Дворышча, Жлоб.) Баркан злучаў гумно і хлеў, а то і хату з гумном. Так яно надзёжней було (Холмеч, Рэч.).
БАРКАН м. морква. Бач, які сёлета баркан парос (Кіцын, Жлоб.).
БАРКАН м. байструк. Хоць у Мані баркан, а глядзіць яго старая лепей за свайго роднага (Івашкавічы, Петр.). Параўн. байстручок І.
БАРЛЯЧЫ толькі мн. боты (гумавыя). Гэта боты гумавыя жаночыя. Дай-ка, дзеткі, мае барлячы (Зарэчча, Жлоб.).
БАРС м. палка (з тоўстым канцом). Барсам што-нібудзь забіваюць (Халочча, Чач.).
БАРСУЧОК м. барсук. Гайсануў барсучок у нору (Забалоцце, Б.-Каш.).
БАРСУЧОК м. кавалак дрэва (для лучыны). Сямён, прынясі з лесу хоць барсучок (Яланы, Светл.).
БАРСЯНЯ м. барсучанё. У барсучыхі малое барсяня було (Навінкі, Калінк.).
БАРУЗДА аг., тое, што балбатун. Барузда ты. Ужэ надаела слухаць бабскія плёткі (Амельна, Раг.). Параўн. балбоцька, балматун.
БАРУСЕЧКА м. баран. Барусечка наш чорненькі, лобік жа ў цябе беленькі (Касцюкоўка, Гом.).
БАРШЧАВІК м. грыб (стары). У бары я ўзяла некалькі вялізных баршчавікоў (Хвойнае, Хойн.); Капуста з баршчавікамі сухімі смачная (Зарэчча, Жлоб.).
81 👁