БАЛЯЎКА ж. радзімка. Баляўка на сьпіне (Неглюбка, Ветк.).
БАМАГА ж., перан. дакумент. Далі ў калгасе бамагу, а заўтра паеду ў раён (Хвойнае, Хойн.).
БАМАЖНЫ прым. папяровы. Бамажныя грошы (Хвойнае, Хойн).
БАНДАРАВАЦЬ незак. рабіць (посуд з дрэва). Дзед там бандараваць будзе (Быч, Карм.).
БАНІЦЦА незак. парыцца (венікам). А я дык вельмі люблю баніцца (Марозавічы, Б.-Каш.); Калісь была трохі банілася (Піркі, Браг.).
БАННІК м. гаспадар (лазні). Учора захварэў наш баннік (Лобча, Лунін.); Як хочаце памыцца, дык у Хведара спрасіце, бо ён баннік (Кароткавічы, Жлоб.).
БАНКРУТ м. махляр, прайдзісвет. Ён такі банкрут, і вязець яму (Быч, Карм.).
БАНЬКА ж. частка (збруі). Банька кладзецца на сідзёлку, штоб дзіржалась падцяжка (Марозавічы, Б.-Каш.).
БАНЬКА ж. частка (касы). Даў Рыгору касу, а ён баньку загубіў (Асінаўка, Светл.).
БАНЬКА ж. спражка (металічная) Банька блішчыць, аж за кіламетар відна (Апанасаўка, Гом.).
БАРАДА ж. 1. ніжняя частка твару. Барада ў яго вельмі востра (Піркі, Браг., тое ж: Тураў, Гом.; Асінаўка, Чач.); 2. вусікі (у кукурузным пачатку). Кіяхі булі ўжэ ў бародах (Пагоннае, Хойн.); 3. нязжаты касмыль жыта. Бараду рэдка калі пакідалі, усё дажыналі (Беразнякі, Петр., тое ж: Бабовічы, Гом.; Холмеч, Рэч.); 4. агрэх (пры касьбе). Ого, такую бараду пакінуў (Ручаёўка, Лоеўск., тое ж: Чарнейкі, Рэч.).
БАРАНАВАЛОК (баранаўшчык) м. баранавальшчык. Баранавалокам я ўсю вясну (Ст. Буда, Б.-Каш., тое, ж: Піркі, Браг.); Каго ты ўзяў у баранаўшчыкі? (Дземяхі, Рэч.).
БАРАНАВІШЧА н. паласа зямлі (на шырыню бараны). Етэ баранавішчэ давяду, дэй пайду трохі аддыхну (Завайць, Нараўл.).
БАРАНОЎКА ж. баранаванне. У ўдоль і папярок барануюць, і то бараноўка, і то бараноўка (Баравікі, Светл.).
БАРАНЧЫК м. бакас. Баранчык кмыкае сперапуду (Каранёўка, Гом.); У сенакос баранчыкаў багата летае (Ліпляны, Лельч.). Параўн. барашак.
81 👁