БАДЗЯК м. бузіна. Бадзяк высокі такі расцьцець (Піркі, Браг.).
БАДНЯ ж. вялікая бочка. Бадня на дзесяць вёдзер. Насалілі бадню гуркоў (Копань, Рэч.).
БАЖЫЧКІ толькі мн. барсукі. Бажычкі — гэта прозвішча барсукоў (Баравікі, Светл.).
БАЗАРЫЦЬ незак. моцна гаварыць. Перастань базарыць, бачыш: бацька хворы (Буйнавічы, Маз., тое ж: Запясочнае, Маз.); Стаіць ля лаўкі і базарыць (Жгун.-Буда, Добр.).
БАІЦЬ (баяць) незак. гаварыць, размаўляць. Як збяруцца бабы ўвечары, дык давай баіць або плёткі плесьці. Мы прабаілі з сястрой цэлую ноч (Шырокае, Б.-Каш.); Вось ужо бай, будзе баяць і баяць, адкуль толькі што бярэ (Старое Сяло, Гом.).
БАЙ м. гаварун. Вось ужо бай, будзе баяць і баяць, адкуль толькі што бярэ (Старое Сяло, Гом.).
БАЙНЯК м. пасудзіна. Байняк — ета такая пасудзіна з ручкамі з двух бакоў (Быч, Карм.).
БАЙСТРУЧОК м., памянш. дзіця (пазашлюбнае). Дзеўка суседа радзіла байстручка (Брынёў, Петр.).
БАЙСТРУЧОК м. падушачка (маленькая). На маленькія падушкі кажуць у нас байстручок (Піркі, Браг.).
БАКАЎНІЧКА ж. бок воза. Бакаўнічкі вузкія зьдзеланы (Неглюбка, Ветк.).
БАКЛАЖАН м. памідор. Баклажаны красныя, смачныя (Асінаўка, Чач.); Летась быў добры ўраджай баклажанаў (Баравікі, Светл.).
БАЛАБАЙКА ж. балалайка. У хаце на балабайцы йграюць (Дубраўка, Добр.); Гусьлі былі, балабайкі, скрыпкі (Баравікі, Светл.).
БАЛАБКА ж. рыба. Што ета ты сёдні адной балабкі налавіў? (Асінаўка, Чач.).
БАЛАБКІ толькі мн. 1. пячэнне. У магазіне балабкі ёсць (Слабада, Ветк.); 2. крэндзелі. Я купіла дзецям балабак поўныя карманы (Шалахоўка, Ветк.); 3. аладкі. Печ балабкі з мукі (Неглюбка, Ветк.); 4. бліны. Ох, наеўся балабак (Неглюбка, Ветк.).
БАЛАБУШКА ж. бурбалка. Як схватваюцца балабушкі, то доўга будзе дождж (Махновічы, Маз.); Параўн. булбатка, бульбутка, бурдылка.
БАЛАГУРНЫ прым. балбатлівы. Балагурны ў цябе чалавек (Загор'е, Б.-Каш.).
79 👁