АКАРАК м. карак. Так адкарміўся, што акарак на плечы лезе (Буйнавічы, Лельч.); Узваліў мех на акарак (Неглюбка, Ветк.); Ён зарабіў па акарку добра (Ваевода, Гом.) /свіны ашыяк. Цэлы свіны акарак купіў ды дзёшава (Меркулавічы, Чач.); На акарку тоўстае сала (Заспа, Рэч.).
АКІНУЦЦА зак. ацяліцца. Mo ўжо акінулась твая карова? (Марозавычы, Б.-Каш.); Сёлета мая карова рана акінулася (Ж.-Буда, Добр.).
АКІСЛЫ кіславаты. Ой, малако ужэ акіслае (Неглюбка, Ветк.).
АКЛАД м. аблава. Выследзілі звера, a тады зрабілі аклад (Піркі, Браг.).
АКРОП толькі адз. кіпень. Налі акропу ў чаропку (Буйначівы, Маз.); Залі хутчэй гарох акропам, дык зварыцца яшчэ (Зладзін, Маз.).
АКУНЁУКА ж. вудачка (на акунёў). Акунёўкай толькі акунькоў бяруць (Н.-Гута, Гом.).
АЛЕЙНІЦА ж. посуд (для алею). Раней білі алей свой, то і алейніцы былі, цяпер — пляшка алейніца (Башыца, Чач.); Кот у каморы алейніцу разбіў (Заходы, Лельч.).
АЛЕМАНТАР м. буквар. Цяпер во колькі кніг, а раней дык і алемантара ні бачылі, толькі поля ды кудзелю зналі (Селішчы, Светл.).
АЛЕНІ аленевы. Дзед некалі знайшоў быў рог алені адламаны (Баравікі, Светл.); У лесі багата аленіх слядоў (Навінкі, Калінк.). Параўн. аленячы.
АЛЕНІХА ж. самка (аленя). Што-та пра аленіх у нас не балакаюць (Засінцы, Ельск.); Аленіху трудна зблізку відзець (Забалоцце, Б.-Каш.).
АЛЕНЯЧЫ тое, што алені. Аленячы рогі абдзелваюць, тады вешаюць у хаці (Карчовае, Хойн.).
АЛЕСЁ выкл. і праўда. Алесё, гэто Маруся, а я ж думала Галя. (Бярэзнікі, Жытк.).
АЛЕХА (алёшка) ж. вольха. Алеха толькі на дровы, а строіць ня йдзёць (Халочча, Чач.); Алешкі растуць ля самай дзярэўні (Багданавічы, Карм.).
АЛЕЕЦ толькі адз. алей. Алеяц горкі, жарыць ніяк нільзя (Дубраўка, Добр.).
АЛЁС толькі адз. балота. Алёс — балота, толькі зарасло кустамі (Бабовічы, Гом.); Вот нізкае месца, на яком расце трава, называюць алёс, ён вадой заліваецца (Майскае, Жлоб.)
24 👁