ПРЫЯЦЬ, СПАГАДАЦЬ, ЗЫЧЫЦЬ, ЖАДАЦЬ
Ёсьць гэт'кія беларускія словы: спагада, спагадны, спагаднасьць, спагадаць, спагадлівы, спагадлівасьць, спагаднік, спагадніца.
Аднолькавага із «спагада, спагадны, спагадаць» значаньня ёсьць словы «спачуцьцё, спачуваючы, спачуваць». Гэтак, прыкл., можна спагадаць або спачуваць чалавеку ў бядзе, гору і іншым няшчасьцю.
Накшае значаньне мае слова прыяць ( = м. благоприятствовать, п. sprzyjać). Прыяць можна, як у бядзе, так і ў шчасьцю — заўсёды. Мае ўжывацца прыяць (бяз с), а ня «спрыяць».
Прыклады: Праведныя родзіцелкі, прыяйце, хлеба-солі засылайце і нас не забывайцеся, Любавічы Імсь. (Ром. VIII 527). Свой свайму балей прыяе, чымся чужому, Нсл,; Валожына; Сьп. Папрыялі жнейкі, дык і дажалі, Нсл. Прыяньня ані каліва ў вас няма, Нсл.
Узноў накшае значаньне словаў «зычыць, зычэньне, узычыць, зычлівы, зычлівасьць» і «жадаць, жаданьне, жаданы». Можна зычыць або жадаць чалавеку ўдачы, шчасьця.
СЕНАЖАЦЬ, ПОЖНЯ, ЛУГ, ЛУКА, ПОПЛАУ
Сенажаць або санажаць, зьм. сенажатка, санажатка абазначае зямлю, што пакрываецца травою, каторую з году ў год косяць на сена. Пожня мае тое самае значаньне, што сенажаць. Як провінцыялізм, «пожня» значыць яшчэ «поле па зжатым збожжу», іржышча. Мокрая сенажаць будзе луг, зьм. лужок і няма дзіва, бо «луг» таго самага караня, што і «лужа».
Сенажаць у хорме лука (балей-меней) завецца лука. Гэткія сенажаці нярэдка бываюць ля ракі. Сенажаць ля рэчных мэандраў завецца залука (п. zakole), Барн. Прыклады: Сенажатку сваю запрадаў, Нсл. 630; Куплю табе хатку, яшчэ сенажатку, тм.
Ці ўсе лугі пакошаны,
Ці ўсе сенажаці?
Пытаецца сын у маці,
Каторую браці.
З нар. песьні.
91 👁