пачастунку. «Абломак» былой прыказкі набыў у сучаснай мове куды шырэйшы сэнс.
Губляць (згубіць; траціць, страчваць, страціць) галаву. Калька з франц. м. (регdге lа têtе). Ужыв. са значэннямі 'бянтэжыцца, пазбаўляцца развагі, не ведаць ад хвалявання, як паступіць, што рабіць' і 'безразважна, моцна ўлюбляцца ў каго-н.' Ва ўсякія пераплёты трапляў Дубок у першыя дні вайны і за час свайго партызанства і ніколі не губляў галавы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Валя баялася, каб ён [Лукашык] па вачах не зразумеў яе патаемных думак і страхаў, каб не падумаў, што яна страціла ад яго галаву (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Можна таксама лічыць, што тут назоўнікавы кампанент — сэнсаўтваральны, суадносны з адным са значэнняў слова галава ('розум, свядомасць, развага').
Гула асмаленая. Уласна бел. Зусім нічога не (атрымаць, зрабіць, дастанецца і пад.). Грошы кладуць у кішэню Ліскоўскія, вы нават не ведаеце колькі. Вам жа з рэдактарам — падстаўным, трэба сказаць, — гула асмаленая (Я. Колас. На ростанях).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе гула — «вытачаная ці выразаная з дрэва моцная кулькашарык, якую ў гульні ганялі ўдарамі палкі»; «гулу звычайна абсмальвалі над агнём» (Ф. Янкоўскі).
Гульня з агнём. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра с огнем, укр. гра з вогнем). Неасцярожныя, рызыкоўныя дзеянні без уліку магчымай небяспекі. — А гульня ў вас была з агнём, — гаварыў нараспеў Высоцкі, пасміхваючыся сваімі чорнымі, як вугаль, вачыма (І. Гурскі. У агні).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць з агнём, які абазначае 'дзейнічаць неасцярожна, не лічачыся з небяспекай'.
Гульня слоў. Калька з франц. м. (jеu dе mоts). Дасціпны, каламбурны выраз. [Вера] хацела, каб гэта гучала як жарт, як своеасаблівая гульня слоў, ды не выйшла так, як хацела (А. Кулакоўскі. Расстаёмся ненадоўга).
Гульня ў адны вароты. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. игра в одни ворота, укр. гра в одне ворота). Аднабаковая дзейнасць з непрыманнем чужых поглядаў, інтарэсаў і пад. Размова за круглым сталом усё нагадвала напачатку гульню ў адны вароты. Кожны даказваў перавагі прапарцыянальнай сістэмы выбараў (Нар. газета. 16.11.1994).
Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма гуляць у адны вароты (гл.).
171 👁