Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Паходзіць з прыказкі Пакуль гром не грымне (не загрыміць), мужык не перахрысціцца, сэнс якой — 'пакуль не здарыцца непрыемнасць, бяда, бестурботны чалавек не думае пра гэта'. Грош цана у базарны дзень каму, чаму. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-, што-н. не мае ніякай каштоўнасці, нічога не варты (не варта). Калі немец будзе адчуваць сябе гаспадаром у нашым родным кутку — грош нам цана (К. Чорны. Герой Савецкага Саюза Ціхон Піменавіч Бумажкоў). Паказанню таму грош цана ў базарны дзень (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца). Першапачаткова ўжываўся ў форме грош цана, яго літаральнае значэнне — 'самая мізэрная цана'. Узнік, відаць, пасля таго як у выніку грашовай рэформы 1838 г. у Расіі грош стаў самай дробнай разменнай манетай — паўкапеечнай. Пашырэнне кампанентнага складу фразеалагізма экспрэсіўным дадаткам у базарны дзень — з'ява пазнейшага часу. Грушы (грушкі) на вярбе. Агульны для бел., укр. (на вербі груші) і польск. (guszkі nа wiегzbіе) м. Недарэчнасць, несусвеціца. Фантазія неадлучная ад логікі, свайго фундамента. Іначай гэта — грушы на вярбе (У. Караткевіч. Самая цікавая навука — жыццё). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі. Грэбці (грабці, заграбаць) лапатай грошы. Агульны для ўсходнесл. м. Многа зарабляць, атрымліваць, нажываць (грошай). Людзі, далёкія ад маёй прафесіі, думаюць, што архітэктары грабуць грошы лапатай (І. Шамякін. Атланты і карыятыды). Засноўваецца на гіпербале. Відаць, напачатку меліся на ўвазе не папяровыя, а металічныя грошы, якія можна «грэбці лапатай». Лапата тут прылада не металічная, якой капаюць зямлю, а драўляная, з шырокім ніжнім канцом для перамяшчэння, перамешвання зерня на таку. Грэць (пагрэць) рукі на чым, каля чаго, аб што, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. греть руки, укр. гріти руки). Нажывацца несумленным спосабам. Усе — хто менш, хто больш — грэлі рукі на панскім дабры (С. Александровіч. Крыжовыя дарогі). Мяркуюць, што ў літаратурную мову гэты выраз прыйшоў як унутранае запазычанне — са зладзейскага жаргону. Губа не дура ў каго. Агульны для бел. і руск. м. Хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае. — Што, ужо ўлюбіўся?.. — Мог бы, а што ты думаеш. — Хм. Губа не дура. Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме (М. Лобан. Гарадок Устронь). Паходзіць з прыказкі Губа не дура: знае, што прымае. У XIX ст. яна мела, як сведчыць І. І. Насовіч, вузкае значэнне: выкарыстоўвалася, з жартаўлівым адценнем, толькі пры
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

wiеrzbіе, зява
42 👁
 ◀  / 440  ▶