Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Паходзіць з прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнога не зловіш і знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам 'калі возьмешся адразу за некалькі спраў, не даб'ешся вынікаў ні ў адной'. Дзеяслоўны кампанент фразеалагізма набыў здольнасць рэалізаваць розныя формы: ганюся, гонішся, пагналіся і інш. Гнуць сваю спіну (горб). Калька з франц. м. (соurbег lе dos). Ужыв. са значэннямі 'мардаваць сябе працай' і 'працаваць на каго-н.' Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае спіны (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Парадак, пры якім адны пануюць, другія — гнуць на іх спіну, Рагамед лічыў асуджаным на пагібель (І. Навуменка. Смутак белых начэй). Фразеалагізм з жывой унутранай формай. Гог і магог. Відаць, паўкалька з англ. м. (Gоg аnd Мадод). Люты чалавек, які выклікае страх. Пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося: — Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… (У. Караткевіч. Госць прыходзіць на золкім світанні). Выток фразеалагізма — Біблія. У ёй (Апакаліпсіс, 20; Іезікііл, 38, 39) згадваецца Гог як люты цар і яго царства Магог, дзе жыў дзікі, бязлітасны народ. У п'есе Ю. Станкевіча «Армагедон — 1895» у ліку дзейных асоб выступаюць Гога, Магога, Даджам. Ёсць і аўтарскае «неабходнае тлумачэнне»: «У старажытнай хрысціянскай міфалогіі ў тэкстах, характэрных для ўсіх рэлігій, згадваюцца Гога і Магога — дзве асобы (ці два дзікія народы), прышэсце якіх павінна было папярэднічаць Страшнаму суду. У Каране Гог і Магог таксама ўспамінаюцца як дзве асобы, якія жывуць у „скрайніх межах Зямлі", Даджам (Шайтан) трымае іх у сваім падпарадкаванні». Голаму за пазуху. Уласна бел. Зусім няма (чаго-н.). Работа Івану Красоўскаму ўсё не траплялася, прыпасаў — голаму за пазуху, а голад — не цётка, кішкі марша гралі (І. Новікаў. Да світання блізка). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на алагізме. Голас у пустыні. Гл. марны лямант (голас) у пустыні. Голы кароль. Агульны для ўсходнесл. м. Пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам. Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль? (У. Караткевіч. Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў). Паходзіць як абазначэнне пэўнага паняцця з прыказкі Кароль жа голы, якая выражае суджэнне, выступае не як намінатыўная, а як камунікатыўная адзінка з сэнсавай і інтанацыйнай завершанасцю. Яе сэнсавы змест — 'якая-н. палітыка або чый-н. аўтарытэт на самай справе беспадстаўныя,
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
81 👁
 ◀  / 440  ▶