прыметнік лагічна можа спалучацца са словам гад толькі ў яго зыходным значэнні 'змяя, гадзюка'. Пры ўзнікненні фразеалагізма адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух значэнняў, накладанне на прамое значэнне змяя' пераноснага з далейшым далучэннем экспрэсіўнага дадатку. Параўн. ужыванне слова гад і фразеалагізма гад печаны ў наступным урыўку: «Я гэтага гада ведаю… Ён строіў з сябе такога пільнага, адданага, што другога такога, як ён, пашукаць трэба было… А сам, гад печаны, вунь куды меціў. У фюрэры» (Р. Сабаленка). Або: «Ох, гад жа я, гад печаны. Як толькі хапала ў мяне дзёрзкасці сказаць табе кепскае слова і падняць на цябе руку!» (Я. Колас). Гады ў рады. Уласна бел. Занадта рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі (бываць дзе-н., бачыцца, сустракацца з кім-н., зайсці куды-н. і пад.). Жэня паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі (Я. Брыль. Золак, убачаны здалёк). Зрэдку фразеалагізм ужыв. і з перастаноўкай кампанентаў (у форме рады ў гады). А кніжка ж не з тых, якія чытач бярэ і будзе браць у рукі толькі «рады ў гады» (Ф. Янкоўскі. Навукова, грунтоўна). Знешняя нелагічнасць унутранай формы гэтага фразеалагізма вытлумачваецца тым, што тут спайка кампанентаў рэгулюецца рыфмай. У падобных рыфмаваных выразах фармальнае нярэдка пераважае над лагічным, семантычным. Магчыма, у аснове фразеалагізма — вобраз гадоў, выстраеных у рады. Абумоўлены рыфмай кампанент рады першапачаткова мог асацыіравацца з радзей, чым трэба, чым хацелася б. Параўн. у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча: рэдзь у рэдзь 'вельмі рэдка'. Газеты чытаць. Уласна бел. Галадаць (звычайна пра каня). [Ладымер:] Мы старыя гаспадарскія хлявы паразбіралі, а новага не паробім, от на зіму і паставім коні на скавышы газеты чытаць (К. Чорны. Лета). Склаўся, відаць, на аснове даўнейшага, зафіксаванага І. І. Насовічам выразу глагалы чытаць 'іржаць, будучы без корму', першапачатковае значэнне якога 'гучна чытаць малітвы на пачатку ютрані — ранішняй царкоўнай службы' Устарэлае і незразумелае глагалы было заменена словам газеты. Галава варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. Васька — маладзец: галава варыць у яго (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). Можна лічыць, што кампанент галава тут удзельнічае ў стварэнні агульнага фразеалагічнага сэнсу сваім зыходным, першасным значэннем 'верхняя частка чалавечага цела, якая заключае ў сабе мозг' — з патэнцыяльнымі семамі, якія ў
53 👁