тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанава (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу). Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае 'пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла'. Выходзіць са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю. Выцягнуць гізунты з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго. Выцягнуць жылы з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) жылы з каго. Выцягнуць ногі. Гл. ногі выцягнуць. Выяда душы. Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек. І зноў, як там, у кабінеце, Зімаўцу захацелася турнуць ад сябе выяду душы (В. Карамазаў. Пушча). Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выядаць душу каму 'моцна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным'. Вяртацца (вярнуцца) у строй. Агульны для ўсходнесл. м. Набываць працаздольнасць ці баяздольнасць. Далей [Алесь] павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам (І. Шамякін. Гандлярка і паэт). Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае 'воіны, пастроеныя радамі' і 'састаў дзеючай арміі'. Вясельны генерал. Паўкалька з руск. м. (свадебный генерал). Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі. Пытанне пра падбор гасцей таксама адпадае: Любан — дырыжор, Вольфсан і Ляўкоў — на ролях вясельных генералаў (Г. Колас. «Жыву пад аховай…»). Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!» Вясёлая міна пры дрэннай гульні. Гл. добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні
45 👁