звальняць з работы, пазбаўляць сродкаў існавання'. У практыцы нярэдка здараліся выпадкі, калі сваякі забіралі састарэлых [з домаінтэрната] і выкідвалі іх потым на вуліцу, выцягнуўшы ўсе зберажэнні (Звязда. 11.10.1987). Дзесяткі тысяч рабочых былі выкінуты на вуліцу (С. Анісаў. Крутымі шляхамі). Фразеалагізм з жывой унутранай формай. Выклікаць агонь на сябе. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вызывать огонь на себя, укр. викликати вогонь на себе). Ужыв. са значэннямі: 1) знарок адцягваць увагу ворага на сябе замест іншых, 2) прымаць на сябе самае цяжкае, першаму трапляць у небяспеку. Нашы гарады — гэта мужныя байцы, Валя. I тыя, якія трапляюць у рукі ворага, выклікаюць агонь на сябе (У. Карпаў. Без нейтральнай паласы). Парушалі ж дысцыпліну і парадак, як выявілася, найперш і найбольш «пазваночнікі» — дзеці і ўнукі розных начальнікаў. Прымаць супраць іх нейкія меры пакарання — гэта выклікаць агонь на сябе (Б. Сачанка. Родны кут). Паходзіць з маўлення вайскоўцаў. У часе баявых дзеянняў іншы раз, каб выратаваць астатніх, даводзіцца знарок адцягваць увагу праціўніка на адзін аб'ект. Параўн.: «— Агонь па НП! — паспеў скамандаваць Алесь і нырнуў у ровік… Рашэнне выклікаць агонь на сябе прыйшло само сабой — другога выхаду не заставалася» (І. Новікаў). Выкручванне рук. Агульны для ўсходнесл. м. Грубы націск на каго-н., каб дабіцца якіх-н. выгад для сябе. Кіраўнікі адміністрацыі асабіста займаліся выкручваннем рук кангрэсменам, не грэбуючы макарцісцкімі прыёмамі (Звязда. 22.03.1986). Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выкручваць рукі (каму), які абазначае 'груба націскаць на каго-н., каб дабіцца выгаднага для сябе рашэння якога-н. пытання'. Выкручваць (выкруціць) сырыцу з каго. Уласна бел. Поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі, свайму жаданню; муштраваць каго-н. [Вярэніч:] Самі сабою толькі хвоі растуць. А ты, Вулляна, з свайго [сына] сырыцы не выкруціла (А. Петрашкевіч. Трывога). Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Сырыца — саматужна вырабленая скура, якую ў працэсе апрацоўкі пасля вымочвання мнуць і выкручваюць. Вылятаць (вылецець) з галавы (памяці) у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім забыцца. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду адносіце вы сваю знаходку? [Гарлахвацкі:] Да гэтага… як яго… вылецела з галавы… (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). Усе кампаненты выступаюць як сэнсаўтваральныя, суадносныя з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання, але
Дадатковыя словы
абект
57 👁