Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Вывесці ў расход каго. Гл. выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго. Выводзіцца на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца вядомым. Мы тут гаворым пра больш сур'ёзнае: пра той агульны арыенцір у сучаснай літаратуры, па якім выводзяцца на арбіту ўсё новыя эпапеі аб Вялікай Айчыннай вайне (А. Адамовіч. На бестэрміновай перадавой). Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі. Выводзіць (вывесці) на арбіту каго. Агульны для ўсходнесл. м. Дапамагаць стаць вядомым, з трывалым месцам у жыцці. Каб на мяне, дык я б паддаў каленцам не толькі Таўкачу, а й тым жа акружэнцам, якія застаюцца не пабіты, а Таўкачоў выводзяць на арбіту (М. Скрыпка. Таўкач і акружэнцы). Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі. Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчаць, расстрэльваць. Войта Васіля Бусыгу ў расход вывелі як зацятага контррэвалюцыянера (Я. Колас. Дрыгва). Склаўся шляхам пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у рахункаводстве карыстаюцца для абазначэння ўліку выдаткаў. Выдаваць (выдаць) нагара што. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'рабіць што-н., займацца чым-н.', 'даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.' і 'ствараць у працэсе творчай дзейнасці'. Як ні дзіўна, але да гэтага часу найменш выдалі нагара нашы кансультанты (М. Танк. Час і літаратура). Цяпер галоўная функцыя дырэктара заключалася ў тым, што ён выдаваў нагара новыя ідэі (І. Шамякін. Вазьму твой боль). Гэта тваё самае лепшае апавяданне, якое ты калі-небудзь выдаваў нагара. Ты проста малайчына! (В. Зуб. Дзве галавы лепш). Утвораны на аснове горнага тэрміналагічнага словазлучэння, у якім нагара абазначае 'наверх, на паверхню зямлі'. Параўн. ужыванне ў тэрміналагічным значэнні: «Брыгада Уладзіміра Шульгі выдала нагара за суткі тысячу тон руды» (М. Шыманскі). Выдаць з галавой каго. Усходнесл. Аддаць на расправу. Жыгун жа «дружка» не пакрые: ён выдаў яго з галавою (Я. Колас. Адплата). Першапачатковая форма фразеалагізма — выдаць галавой (у такой форме ён нярэдка выкарыстоўваецца і цяпер), а першапачатковая сфера яго ўжывання — суды Кіеўскай Русі. «Выдача галавой» абазначала, што вінаватага аддавалі ў рукі істца, у поўнае яго распараджэнне. Так, «выданы галавой» даўжнік станавіўся рабом таго, у каго пазычаў, і працаваў у яго, пакуль не
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

сурёзнае
62 👁
 ◀  / 440  ▶