майстэрню і аслупянеў: бывае так, што ў чалавека раптам адкрываюцца вочы на што-небудзь (А. Чарнышэвіч. Світанне). Утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма адкрываць (раскрываць, адчыняць) вочы (каму на каго, на што), сэнс якога—'дапамагаць зразумець становішча, рабіць відавочнай праўду аб чым-, кім-н.'. Вочы вялікія зрабіліся ў каго. Уласна бел. Хто-н. быў вельмі здзіўлены, збянтэжаны, разгублены. Толькі цяпер неяк усе звярнулі ўвагу, што каля агню з Дубалекавага атрада не было ні душы. Як вадою змыла. Калі і што? Ва ўсіх вочы вялікія зрабіліся. А Журавінку аж у пот кінула (М. Лобан. Шэметы). Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага фразеалагізма рабіць (зрабіць) вялікія вочы (гл.). Вочы на мокрым месцы ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаза на мокром месте, укр. очі на мокрому місці). Хто-н. часта плача ці гатовы заплакаць. — Чаго ты растакалася, мамка?.. — Вочы ў мяне на мокрым месцы, Дзінка, — усміхнулася скрозь слезы Аўдоля (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Узнік, на думку М. М. Шанскага, у выніку скарачэння выразу ў яго больш поўнай форме вочы на мокрым месцы ўстаўлены. Вуха на вуха. Агульны для бел. і руск. м. Адно на другое, паслуга за паслугу, рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.). Мірошнікаў.. ад Грышкі хоча аднаго — каб ён… дабром прывеціў гасцей, і ўжо толькі за гэта ён, Мірошнікаў, будзе яму вельмі «благадарны» і не паскупіцца на бочкі: як кажуць, вуха на вуха (У. Рубанаў. Грыбавар). Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай. Вушы вянуць у каго, ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Прыкра, непрыемна слухаць што-н. (недарэчнае, непрыстойнае і пад.). — Што яны самі расказваюць, гэтыя малалеткі! Ідзіце вунь на калідор ці ў хол, дзе яны кураць, паслухайце. Вушы вянуць, — азваўся Валодзя (Я. Радкевіч. Між радасцей жыцця). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на прыпадабненні вушэй да лісця дрэва, пялёсткаў расліны, здольных сохнуць, рабіцца вялымі. Выбівацца (выбіцца) з каляіны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. выбиваться из колеи, укр. вибиватися з коліï). Ужыв. са значэннямі 'пераставаць весці прывычны спосаб жыцця' і 'выходзіць са стану раўнавагі'. Раптам Андрэю захацелася паздзекавацца з гэтага чалавека, што выбіўся з каляіны (М. Лобан. Гарадок Устронь). Я ўжо да канца дня выбіты з каляіны (М. Матукоўскі. Амністыя
53 👁