Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
паміж небам і зямлёй. Хутчэй здаваць справы і — на новае месца (У. Шахавец. Месца ў жыцці). Узнік, відаць, у выніку аб'яднання двух фразеалагізмаў: вісець у паветры 'знаходзіцца ў хісткім, няпэўным становішчы' + паміж небам і зямлёй 'у стане няпэўнасці, неўладкаванасці (быць, знаходзіцца, заставацца і пад.)'. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма вісецьу паветры. Воз і цяпер там. Паўкалька з руск. м. (воз и ныне там). Ужыв. у ролі другой часткі складаназлучанага сказа з супраціўнымі адносінамі і абазначае 'справа ніколькі не рухаецца ўперад'. Пытанне разглядалася на розных узроўнях, усе, здаецца, былі згодны, але воз і цяпер там (А. Мальдзіс. Як імя тваё, мінская вуліца?). Выраз з байкі І. А. Крылова «Лебедзь, Шчупак і Рак» (1814). У ёй расказваецца, як Лебедзь, Рак і Шчупак разам узяліся везці воз, але Лебедзь цягнуў яго ў неба, Шчупак — у раку, а Рак адыходзіў назад. Як ні стараліся яны, «ды толькі воз і цяпер там». Вока за вока зуб за зуб. Запазыч. з царк. — слав. м. Адплата злом за прычыненае зло. А пасля замок на дзверы і запалку пад страху. На вяселлі афіцэры хай пагрэюцца крыху. — Зуб за зуб, за вока вока! (А. Астрэйка. Прыгоды дзеда Міхеда). Частка біблейскай формулы закону адплаты (Левіт, 24, 20): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць». Вока набіта(-е) у каго, чыё, на чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. глаз набит, укр. око набите). Хто-н. вельмі вопытны, каб беспамылкова вызначыць, ацаніць што-н. [Язэп:] Неяк таўкуся я па базары, бачу дзяўчына пад вясковую апранутая. Сноўдаецца, анічога не прадае… Ага. У мяне вока набітае… (Х. Жычка. Дзе растуць бяссмертнікі). Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага з ім дзеяслоўнага набіць вока (на чым), сэнс якога — 'набыць вопыт, уменне хутка вызначаць што-н., ацэньзаць'. Волас з галавы не ўпадзе ў каго, з чыёй. Калька з царк. — слав. м. Ніхто не кране каго-н., ніякай шкоды не зробіць каму-н. Гаварылі, што ў яго і волас з галавы не ўпадзе (ЛіМ. 6.10.1972). Выраз сустракаецца ў евангельскім тэксце; Ісус гаворыць сваім вучням: «И власъ главы вашея не погибнетъ» (і волас з галавы вашай не прападзе). Воленс-ноленс. Транслітэрацыя лац. выразу vоlеns nоlеns. Незалежна ад жадання ці нежадання. Уладзімір Паўлавіч сказаў шмат такога, што воленс-ноленс прымушае задумацца (І. Дуброўскі. Незамкнуты круг
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абяднання
78 👁
 ◀  / 440  ▶