Раманоўскі выявіў у Цімкавіцкім двухкласным вучылішчы, а пазней і ў гады вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Яго хвалілі за добрае валоданне словам (А. Бельскі. Сын зямлі і зорнага неба).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма валодаць словам, мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых выразаў.
Валтасараў баль. Паўкалька з царк. — слав. м. Вясёлае, легкадумнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну. Робіцца гэта ўсё ў дагоду і па камандзе тых сіл, якія сёння ладзяць валтасараў баль на Беларусі (М. Скобла. Палімпсесты Ларысы Геніюш).
Паходзіць з Бібліі. У кнізе Даніілы (5) расказваецца пра баль у халдзейскага цара Валтасара. Падчас балю таямнічая рука напісала на сцяне чатыры прарочыя словы пра непазбежную пагібель цара, той жа ноччу цар быў забіты, а яго царства дасталося Дарыю.
Ва (на) усе лапаткі. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае 'вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.)' і 'з вялікім напружаннем (рабіць што-н.)'. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, бяжыць, як можа, без аглядкі, але Пшавара даганяе, у ход дугу сваю пускае (Я. Колас. Новая зямля). Работы на ўсё лета во так во… I то трэба на ўсе лапаткі завіхацца, каб управіцца (І. Дуброўскі. Навіны Старога Свержаня).
Выраз у сваім 1-м значэнні сэнсава і граматычна спалучаецца толькі з дзеясловам бегчы ці яго сінонімамі, яго значэнне развілося ў выніку метафарызацыі: у каня, калі ён бяжыць вельмі хутка, рухаюцца і лапаткі. 2-е значэнне сфарміравалася ў фразеалагізме пры яго спалучэнні і іншымі дзеясловамі-суправаджальнікамі.
Варона загуменная. Уласна бел. Разявака, нерастаропны, нехлямяжны чалавек. Ш-ша! Замрыце, вароны загуменныя! — павысіў гаспадар голас (Л. Калодзежны. Дубовы крыж).
Выраз пры супастаўленні з адпаведным свабодным словазлучэннем не ўспрымаецца як метафарычны. Ён, хутчэй за ўсё, узнік у выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў слова варона (птушка' і разявака') і яго каламбурнага дапаўнення прыметнікам. Параўн. цікавы ў гэтых адносінах прыклад: «— Вароны мы, вароны загумснныя! — лаяў самога сябе і сваіх таварышаў адзін з трох» (Р. Хацксвіч).
Варона ў паўлінавых пёрах. Паўкалька з руск. м. (ворона в павлиньих перьях). Чалавек, які марна імкнецца паказаць сябе лепшым, больш значным, чым ён ёсць на самай справе. — Аднак з эсэрам Керанскім лічыцца ўвесь цывілізаваны свет… — Не вельмі.
102 👁