Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Вадзіць казу. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. са значэннямі: 1) хадзіць гуртам у стане ап'янення, 2) п'янстваваць, напівацца. [Грачоў гаворыць тром п'яным калгаснікам, якія ідуць абняўшыся:] Што вы сабе думаеце, хлопцы! Пасяўная не за гарамі, а вы ў рабочы дзень казу водзіце па сяле (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). «Вадзілі казу» беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія «геніі», як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п 'яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег, і некаторыя з іх патаціліся за гэта жыццямі ці доўгай катаргай (І. Шамякін. Слаўся, Марыя!). Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем, які бытаваў на Украіне і ў многіх раёнах Беларусі, асабліва на Усходнім Палессі. Як сведчаць фалькларысты і этнографы, звычай захоўваўся яшчэ і на пачатку XX ст. У святочныя дні, пераважна перад Новым годам, гурт хлопцаў хадзіў па хатах калядаваць. Адзін з хлопцаў быў адзеты пад казу — з драўлянай казінай галавой і саламяным хвастом. Хлопцы віншавалі гаспадароў, спявалі калядныя песні, «каза» танцавала пад музыку. Каляднікаў частавалі гарэлкай, давалі падарункі. Усё гэта называлася «вадзіць казу». Абрад «ваджэння казы» падрабязна апісаны ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (Мн., 1989, с. 230– 231). У некаторых сучасных працах па ўкраінскай фразеалогіі выраз вадзіць казу згадваецца як устарэлы. Але яшчэ ў «Слоўніку ўкраінскай мовы» пад рэдакцыяй В. Д. Грынчанкі (1958–1959) ён падаецца без паметы аб устарэласці як «п'янстваваць доўгі час, некалькі дзён». Вадой не разальеш каго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі дружныя, неразлучныя, заўсёды разам. На першых лекцыях мы толькі прыглядаемся адна да аднае. Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою (А. Васілевіч. Пачакай, затрымайся…). У аснове фразеалагізма — вобраз, звязаны са спробай, разліваючы вадой, разняць, разагнаць жывёл, калі яны б'юцца. Параўн. ужыванне фразеалагізма з ажыўленнем яго ўнутранай формы шляхам далучэння да яго ў якасці аднароднага члена структурна-аднатыпнага свабоднага словазлучэння: «Не, гэта старыя прыяцелі, спрадвечныя дружбакі, якіх не разальеш вадой, не разгоніш парай» (М. Лынькоў). Ваду ў ступе таўчы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннямі 'марнаваць час, займацца бескарыснай справай' і 'весці пустыя размовы, пустасловіць'. На чорта мне такая работа, што не дае карысці ні мне, ні людзям? Не хачу таўчы ваду ў ступе (А. Макаёнак. Твой хлеб). А што ты там бачыў, на сходах гэтых самых? Ваду ў ступе таўкуць? Таўкуць (М. Лынькоў. Апошні зверыядавец).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
 ◀  / 440  ▶