В
Вавілонскае стоўпатварэнне. Агульны для ўсходнесл. м. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар. [Генка:] Мама мая, што робіцца!.. Стоўпатварэнне вавілонскае. Свае сваіх не пазнаюць (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1–9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба. Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» языкі будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго. Людзям стала не да вежы, бо падняўся страшэнны гвалт, вэрхал — тое, што мы цяпер называем вавілонскім стоўпатварэннем. Назоўнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся сінтаксічным спосабам, зрашчэннем двух слоў (столпа + твореные) у адно.
Вагавая катэгорыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. весовая категория, укр. весова категорія). Уплывова-ацэначная вартасць, велічыня каго- ці чаго-н. Выбачайце, Броўка і Пісарык, пры ўсім скептыцызме ў адносінах да першага, усё-такі розныя вагавыя катэгорыі (Л. Рублеўская. «Ці можна рукапіс прадаць?»).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца пры класіфікацыі барцоў — спартсменаў класічнай або вольнай барацьбы. Параўн.: «У цяжкай вагавой катэгорыі, у якой перамог наш малады атлет, тады мелася сапраўднае сузор'е атлетаў… А чаму б Мядзведзю не скінуць дзесятак кілаграмаў і не перайсці ў паўцяжкую катэгорыю?» (А. Мяснікоў).
Вадзіць за нос каго. Магчыма, калька з франц. (mеner раг lе nеz) ці ням. (аn dег Nаsе hегumfüгеn) м. Уводзіць у зман, абяцаць што-н. і не выконваць. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).
Мяркуюць, што крыніца мастацкага вобраза, пакладзенага ў аснову фразеалагізма, тая самая, з якой выйшла і прыказка Мядзведзь скача, а цыган грошы бярэ. Даўней у многіх краінах Еўропы мядзведнікі вадзілі напаказ у людныя месцы мядзведзяў за кольца ланцуга, прасунутае ў нос. Мядзведзь, спадзсючыся на падачкі і не заўсёды атрымліваючы іх ды скоса пазіраючы на палку ў руках гаспадара, мусіў вырабляць розныя фокусы.
90 👁