Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
У адной з этымалагічных прац фразеалагізм даць дуба вызначаны як «відаць, уласна рускі». Але, як засведчана ў слоўніках У. І. Даля і А. Г. Праабражэнскага, гэты выраз у XIX ст. быў вядомы толькі ў паўднёвых гаворках (тэрыторыя сучаснай Украіны). Адсюль больш верагодным было б лічыць яго не «ўласна рускім», а «агульным для ўсходнеславянскіх моў» ці «ўласна ўкраінскім». Або яшчэ прыклад. У той самай этымалагічнай працы выраз очная ставка (параўн.: бел. вочная стаўка, укр. очна ставка, балг. очна ставка) прызнаецца «ўласна рускім» як утварэнне ад старой юрыдычнай формулы «ставити с очей на очи»; у пацвярджэнне прыводзіцца адпаведны запіс 1606 г. — часоў цара Аляксея Міхайлавіча. Але аналагічны запіс, толькі зроблены на стагоддзе раней (1511 г.), можна знайсці ў грамаце вялікага князя літоўскага «баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай»: «поставити его очи на очи на явномъ суде хрестіянскомъ, и того, хто вадитъ, и того, на кого вадитъ». Сярод запазычаных фразеалагізмаў ёсць запазычанні з царкоўнаславянскай (вечная памяць каму, зуб за зуб, прытча ва языцах), рускай (баш на баш, без цара ў галаве, неба ў алмазах), украінскай (даць ляшча каму, збіваць з панталыку каго, як дурань з пісанай торбай), польскай (вастрыць зубы на каго, на што, відаць пана па халявах). Шмат якія выразы кваліфікуюцца ў слоўніку як фразеалагічныя калькі ці паўкалькі. Калькі — гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных выразаў, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, як на іголках — фразеалагічная калька з нямецкай мовы (wie аuf Nаdеln); яна ўзнікла ў выніку паслоўнага перакладу: wiе — як, аuf — на, Nadeln — іголках. Паўкалькамі называюць выразы, у якіх адны кампаненты перакладзеныя, а другія — запазычаныя. Так, фразеалагізм рубікон перайсці ўтварыўся з лацінскага Rubiсопer tгаnsео, у якім апошні кампанент перакладзены словам перайсці, а першы (у зыходным значэнні — назва ракі ў Старажытным Рыме) не патрабуе перакладу. Дарэчы, як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў5, у многіх літаратурных мовах на долю калек і паўкалек прыходзіцца да палавіны фразеалагічнага фонду. Значная частка фразеалагізмаў, скалькаваных з адпаведных выразаў, якія пачалі сваё жыццё ў неславянскіх мовах, хутчэй за ўсё, трапіла да нас праз мову-пасрэдніцу — рускую ці польскую. Нярэдка яны лексічна супадаюць у рускай, польскай і беларускай мовах: руск. ставить на карту, польск. stawić па кагtę, бел. __________________________ 5 Гл., напрыклад: Солодухо Э. М. Вопросы сопоставительного изучения заимствованной фразеологии. Изд-во Казанск. ун-та, 1977; Солодуб Ю. П. Русская фразеология как обьект сопоставительного структурнотипологического исследования. М., 1986.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
87 👁
 ◀  / 440  ▶