Вушы вянуць у каго, ад чаго.
Ва ўсіх неабходных выпадках выкарыстоўваюцца адсылкі да алфавітнага месца, дзе этымалагізуецца пэўны фразеалагізм, якому ўласцівы варыянтнасць або пачатковы факультатыўны кампанент і інш.:
Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.
Агульная характарыстыка фразеалагізма паводле паходжання.
Пасля фразеалагізма, вынесенага ў загаловак, ідзе яго кваліфікацыя паводле паходжання. Як вядома, фразеалагізмы ў гэтых адносінах падзяляюцца на чатыры групы: 1) спрадвечна беларускія, 2) запазычаныя, 3) калькі, 4) паўкалькі. Сярод выразаў першай групы ў сваю чаргу вылучаюцца агульнаславянскія фразеалагізмы (біць у вочы, закрываць вочы каму, пераліваць з пустога ў парожняе), усходнеславянскія (ламаць коп 'і з-за каго, за што, легчы касцьмі), уласна беларускія (газеты чытаць, голаму за пазуху, з ветру вяроўкі віць).
У слоўніку пры кваліфікацыі спрадвечна беларускіх фразеалагізмаў, апрача тэрмінаў «агульнаславянскі», «усходнеславянскі», «уласна беларускі», даволі часта сустракаюцца і такія, як «агульны для ўсходнеславянскіх моў» (ад дошкі да дошкі, белыя мухі, выбіваць клін клінам), «агульны для беларускай і рускай моў» (абсевак у полі, вуха на вуха, на кудыкіну гару), «агульны для беларускай і ўкраінскай моў» (абы дзень да вечара, калі ласка, на ўсе застаўкі), «агульны для беларускай і польскай моў» (адправіцца да Абрама на піва, пры душы, як бабёр), «агульны для беларускай, украінскай і польскай моў» (грушы на вярбе, першы-лепшы, як свет светам), «агульны для ўсходнеславянскіх і польскай моў» (махнуць рукой на каго, на што, дах над галавой, кроў з малаком), «агульны для ўсходнеславянскіх, польскай і чэшскай моў» (мухі не пакрыўдзіць, сам не свой). Зразумела, што гэта не зусім дакладная кваліфікацыя фразеалагізмаў: сярод іх могуць быць і ўласна беларускія, якія перайшлі ў іншыя мовы, і, наадварот, запазычаныя з рускай або ўкраінскай ці польскай моў. Дакладную характарыстыку ў генетычным плане гэтыя выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г. д. Паяснім гэта такім прыкладам.
106 👁