нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром і б'ём галавой аб днішча» (А. Вярцінскі). Параўн. таксама каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ўзяць за жабры і слова жабры з яго намінатыўным сэнсам у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». «[Левановіч:] Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсць у яе, — калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць». Адзначым, дарэчы, памылковае аб'яднанне ў ТСБМ (т. 1, с. 405) фразеалагізмаў браць за горла і браць за жабры ў адзін з нібыта ўласцівай яму варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: браць за горла (жабры). Гэта два самастойныя фразеалагізмы, кожнаму з якіх уласціва свая непаўторная ўнутраная форма. Да таго ж браць за горла (гл.) — калька з франц. м.
Браць (узяць) за шчэлепы каго. Уласна бел. Прымушаць паступаць пэўным чынам. Пасля першай [чаркі] усе філасофствуюць, пасля другой звычайна пытаюцца: «Ты мяне паважаеш?», пасля трэцяй лезуць цалавацца. Вось пасля трэцяй ты яго і бяры за шчэлепы цёпленькага (А. Петрашкевіч. Укралі кодэкс).
Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да жывёл, і рыб у тым ліку, а таксама і да чалавека. Шчэлепы ў бел. м., як і ва ўкр., — тое самае, што і сківіцы. Параўн., напрыклад: «Твар Улада, абцягнуты блеклай скурай, крывіўся ад працы шчэлепаў, якія пераціралі гумку» (Крыніцы. 1995. № 7). Як засведчана ў тэматычным слоўніку «Жывёльны свет» (Мн., 1999, с. 125), для абазначэння костак у роце, у якія ўмацаваны зубы, выкарыстоўваюць словы: сківіцы, санкі, шчэлепы, пашчэнкі і інш. Тое самае і ў «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993, карта № 13). Тут сківіцы са 142 абследаваных пунктаў ужываюцца ў 21 пункце, санкі — у 45, шчэлепы — у 38. У ТСБМ жа (т. 5, кн. 2, с. 425) шчэлепы памылкова тлумачацца як жабры', але адзіная пададзеная тут цытата не пацвярджае дэфініцыю, а аспрэчвае яе: «Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая» (Р. Барадулін). У «Беларуска-польскім фразеалагічным слоўніку» (Wагszаwа, 2000, с. 70) А. Аксамітава і М. Чурак браць за горла (жабры, шчэлепы) пададзены як адзін фразеалагізм з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента, але гэта няправільна, бо тут кожны з трох сінанімічных фразеалагізмаў адрозніваецца сваёй унутранай формай і геаграфіяй бытавання: браць за горла — калька з франц. м., браць за жабры — агульны для ўсходнесл. м., а браць за шчэлепы — уласна бел.
92 👁