Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
колюць рагамі. Параўн.: «Рабы толькі страшыць [другога быка], а брацца ў рожкі баіцца. Той бы даў так, што зараве!» (Ф. Янкоўскі). Браць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго. Браць на цугундар каго. Гл. на цугундар браць каго. Браць (узяць) быка за рогі. Калька з іспан. (соdеr аl tоо роr lоs сuеrnоs) ці франц. (рrеndrе lе tаurеаu раr lеs соrnes) м. Смела, энергічна пачынаць з самага галоўнага. Белавусаў гучна павітаўся і без лішніх слоў вырашыў адразу браць быка за рогі: — Ну што, Махавікоў, вядзі паказвай, дзе хаваеш зорою (Л. Левановіч. Шчыглы). Узнікненне фразеалагізма звязана з такім масавым відовішчам у Іспаніі, Партугаліі, як карыда — бой тарэадора з быком. Браць (узяць) верх. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'падпарадкоўваць каго-н. сваёй волі' і 'аказвацца больш значным, мацнейшым, чым што-н.'. Віленскія рабочыя ў масе сваёй, пэўна ж, вельмі радаваліся і цешыліся, калі чулі, што рабочыя ў Расіі бяруць верх (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). [Сымон:] Я чакаю закону: суд ідзе, і праўда верх возьме (Я. Купала. Раскіданае гняздо). Выраз з агульным аналітычным значэннем. Кампаненты сэнсава суадносяцца з асобнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання: кампанент браць — са значэннем 'захопліваць, дамагацца ў барацьбе', кампанент верх — са значэннем 'вышэйшае дасягненне'. Браць (узяць) за горла каго. Калька з франц. м. (рrendге qn á lа gоrgе). Сілай прымушаць да чаго-н. ['Дабрыян:] Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон (К. Крапіва. Брама неўміручасці). Фразеалагізм усведамляецца як матываваны, з жывой унутранай формай. Браць (узяць) за жабры каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. брать за жабры, укр. брати за зябра). Прымушаць паступаць належным чынам. На тваім бы месцы я тваіх работнікаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка). Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да лоўлі рыб. Злоўленую рыбіну, а яна вельмі слізкая, нялёгка ўтрымаць у руках, не ўзяўшы яе за жабры. Параўн. урывак з аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз»: Міколка з бацькам «узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай, як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць». А дзед Астап з берага ракі падае парады: «За зябры яго, за зябры, гада!» Або: «Тое ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
98 👁
 ◀  / 440  ▶