Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
неабходнасць перабудовы — яны робяць. Без шуміхі, параднасці, без бою ў літаўры з нагоды любога поспеху ці нават самай нязначнай прыкметы яго (Звязда. 30.01.1986). Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага біць у літаўры (гл.). Бочку арыштантаў нагаварыць, навыдумляць і пад. Уласна бел. Занадта многа і абы-чаго, без разбору. Павесіць пінжак на сцяну і глядзіць адным вокам з-пад коўдры, як Алеся, нагаварыўшы бочку арыштантаў, шарыць па кішэнях, выграбае ўсё да капейкі (В. Мыслівец. Нямтур). Генетычна гэта, відаць, сэнсава алагічнае спалучэнне каламбурнага характару, якіх нямала: (вярзці) грушу на вярбе, не коз воз, выдраць лысаму валоссе, сам не свой; параўн. ва ўкр. м.: (наговорити) сім мішків гречаноï вовни і всі неповні. Выраз, як сведчыць В. М. Макіенка, сустракаецца і ў некаторых рускіх (архангельскіх і карэльскіх) гаворках і, магчыма, паходзіць з мовы рыбакоў, дзе арестант — 'дробная сушаная рыба'; наговорить бочку арестантов «першапачаткова 'нагаварыць усякіх выдумак пра нібыта багаты ўлоў'» (В. М. Макіенка). Брат-сястрыца (брат-сястра). Агульны для бел. і ўкр. (браті-сестра) м. Травяністая трохколерная расліна сямейства фіялкавых. Быццам спіць мятлюга, нявідна дрыжыць канапелька, дзятліна белая сядзіць, званочкі калышуцца, здалёку, з лесу братсястра бялее, сінее мясцінамі (М. Гарэцкі. Антон). Паводле народнага падання, адлюстраванага ў вершаваным апавяданні В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца» і ў народнай песні, удавец «з жонкаю дзетак меў, а з другою ўзрасціў, а з трэцяю распусціў». Прайшоў час, і, сустрэўшыся, маладая пара ўзяла шлюб. Калі ж высветлілася, што гэта брат і сястра, то яны налажылі на сябе рукі і былі пахаваны ў адной магіле. «На той магіле вырасла травіца, і людзі назвалі яе „брат-сястрыца"». Браты нашы меншыя. Паўкалька з руск. м. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам). Мы наведалі заапарк… паназіралі за жыццём «братоў нашых меншых» (Настаўн. газ. 8.08.1998). Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове». Брацца (узяцца) у рожкі з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца. Усе ведалі, што Гальяшыха часам бралася ў рожкі з мужам (І. Гурскі. Лясныя салдаты). Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да рагатых жывёлін, калі яны бадаюць адна адну,
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
101 👁
 ◀  / 440  ▶