Пашахоння, якія пайшлі аднойчы шукаць шчасця, але заблудзілі ў трох соснах.
Блудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.
Блудны сын. Запазыч. з царк. — слав. м. Легкадумны, свавольны, распусны чалавек, які раскаяўся ў сваіх памылках. У маёй парафіі чалавек пяць ёсць такіх… Кожны з іх для мяне — гэта блудны сын, які памёр і аджыў, прапаў і знайшоўся, — як жа мне не радавацца і не весяліцца? (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Паходзіць з евангельскай прытчы (Лука, 15,11–32) пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў, а пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў. У пададзеным вышэй прыкладзе з рамана К. Крапівы поп амаль даслоўна паўтарае тое, што, як сведчыць Евангелле, сказаў бацька блуднаму сыну: «Станем есці і весяліцца! Бо гэты сын мой быў мёртвы і аджыў, прападаў і знайшоўся».
Блуканне па пакутах. Калька з царкслав. м. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на чыю-н. долю. Пра нашы ўцёкі цяпер ужо ведаюць усе навакольныя пастарункі… Вось, браце, якія нашы блуканні па пакутах (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).
Узнік на аснове старажытнага веравання ў блуканне душ грэшнікаў па пакутах на працягу сарака дзён пасля смерці чалавека. У старажытнай Русі з XII ст. карысталася папулярнасцю перакладзенае з грэч. м. сказанне «Блуканне Багародзіцы па пакутах», у якім апісваліся незвычайныя мукі грэшнікаў у пекле. Шырокае ўжыванне выраз атрымаў ва ўсходнесл. м. (руск. хождение по мукам, укр. ходіння по муках) пасля трылогіі А. М. Талстога «Блуканне па пакутах» (1920–1941).
Блукаць па пакутах. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ходить по мукам, укр. ходити по муках). Пераносіць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Рух характараў у дылогіі Л. Дайнекі адчуваецца да таго часу, пакуль героі блукаюць па пакутах (Т. Грамадчанка. Намеры — намерамі…).
Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага назоўнікавага выразу блуканне па пакутах (гл.), набыўшы працэсуальнае значэнне і граматычныя ўласцівасці дзеяслоўнага фразеалагізма.
Блытацца пад нагамі ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. вертеться под ногами, укр. плутатися під ногами). Замінаць, перашкаджаць таму, з кім знаходзішся побач. [Цярэшка:] І ведаеце, не блытайцеся пад нагамі ў нас. Мы сур 'ёзнай справай заняты (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся).
Першапачаткова ўжываўся, відаць, у дачыненні да дзяцей.
126 👁