Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Біць чалом. Гл. чалом біць. Благім матам крычаць. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі гучна, ашалела. А як надарыцца часамі яму [Яську] спаткацца там з казамі, тады крычау ён благім матам, тады рабіўся ён вар'ятам… (Я. Колас. Новая зямля). Літаральнае значэнне — 'дурным, немым голасам'. Фразеалагізм занатаваны ў «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча, як і асобныя словы з іх ранейшым значэннем: благі 'дурны', мат 'голас'. Блакітная кроў. Відаць, калька з іспан. м. (sangre аzul); параўн. аналагічныя выразы: франц. sang bleu, ням. blaues Вlut, англ. bluе blood. Чалавек дваранскага паходжання. Па мордзе відаць, што блакітнай крыві. Якая-небудзь Ляхвіцкая ці Ляхавіцкая (М. Лобан. Гарадок Устронь). Упершыню пачаў ужывацца ў іспанскай правінцыі Кастыліі, дзе гэтым выразам называлі сябе людзі знатнага паходжання. Яны ганарыліся тым, што ніхто з іх продкаў ніколі не браў шлюб з маўрамі ці іншымі цемнаскурымі людзьмі і што іх вены (як і ва ўсіх светласкурых людзей) маюць блакітнаваты колер. Блёкату наеўся. Агульны для ўсходнесл. (руск. белены объелся, укр. блекоти наівся) і польск. (jakby się blekotu objadł) м. Ім характарызуюць стан ці ўчынкі чалавека, калі ён робіць якое-н. глупства, дзівацтва. — Стой!.. — Што вы, хлопцы, блёкату наеліся? (У. Карпаў. Нямігі крывавыя берагі). Асновай для развіцця пераноснага сэнсу стала падабенства з'яў: блёкат — ядавітае пустазелле, і той, хто з'есць лісце блёкату або яго насенне, вельмі падобнае на макавае, праз якой паўгадзіны атручваецца; ён бегае, крычыць, смяецца, трызніць. «Прамежкавым звяном» паміж свабодным словазлучэннем і фразеалагізмам быў параўнальны зварот як (нібы) блёкату наеўся: «Штось ён вельмі цяпер у кулак затрубіў; а лятае! а бегае! як бы блёкату наеўся» (В. Дунін-Марцінкевіч). 3 гэтай прычыны, а таксама таму, што выраз з'яўляецца ацэначнай характарыстыкай дзеянняў, якія адбыліся (закончанае трыванне), яму ўласціва марфалагічная недастатковасць: стрыжнёвае слова наеўся ўжываецца толькі ў формах прошлага часу (наеўся, наелася, наеліся). Блудзіць (заблудзіць) у трох соснах. Запазыч. з руск. м. Блытацца ў самых простых пытаннях. I зноў наша сяброўства з Паўлюком пайшло на лад. Ён расказваў мне пра Ключэўскага: дзе вучоны блудзіў у трох соснах, а дзе і на роўную дарогу выбіваўся (М. Гроднеў. Радня). Узнік у выніку псраасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшымі народнымі анекдотамі пра жыхароў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
134 👁
 ◀  / 440  ▶