Узнік па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі фразеалагізмамі тыпу біць лынды. Структурная схема запоўнена словам тылылы, звязаным з ігрой «на язык ты-лы-лы; у некаторых беларускіх гаворках ёсць „тылілікаць", „ты-лі-лі"» (Ф. М. Янкоўскі).
Біць у вочы. Агульнаслав. (руск. бить в глаза, укр. бити в очі, польск. bić w осzу, балг. бия в очи і інш.). Рэзка выдзяляцца, прыцягваць увагу. Уся гэта стракатасць грамады біла ў вочы (Я. Колас. У горадзе).
У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.
Біць у званы. Уласна бел. Настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н., што выклікае трывогу, заклікаць да барацьбы з якой-н. небяспекай. [Крывіцкі:] Яны… выцягваюць на вачах у людзей з дзяржаўнай кішэні дзесяткі тысяч рублёў. А вы хочаце, каб мы маўчалі… У званы трэба біць (Я. Шабан. Сіні снег).
Відаць, утвораны па мадэлі з семантычна тоесным фразеалагізмам біць у набат (гл.), назоўнікавы кампанент якога быў заменены словам званы.
Біць у літаўры. Агульны для ўсходнесл. м. Празмерна хваліцца чым-н. — Нічога за год мы не зрабілі, — гледзячы на Віктара разумнымі шэрымі вачыма, гаварыў інжынер. — I, як кажуць, няма чаго біць у літаўры, выхваляцца (М. Даніленка. Урокі жыцця).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Літаўрамі называюць ударны музычны інструмент, які складаецца з некалькіх паўшар'яў, абцягнутых скурай.
Біць у набат. Запазыч. з руск. м. Настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н. небяспечнае, заклікаць на барацьбу з ім. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць (У. Караткевіч. Нельга забыць).
Утвораны ў выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння. Даўней на Русі, каб паведаміць пра ваенную небяспеку, білі ў вялікі звон — набат.
Біць у хамут. Уласна бел. Упарціцца, рэзка рэагаваць. Гэтыя трое, як сталі падрастаць, як пакруціліся ўсё роўна. Яното і спрадвеку было, што маладым заўсёды хацелася сваё права правіць. Але каб так настырна біць у хамут? (П. Місько. Ціхае лета).
Узнік у выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння: запрэжаны наравісты конь, бывае, не вязе воза, на месцы пераступае з нагі на нагу, а потым, калі яго настойліва падганяюць, рэзка кідаецца наперад і б'е плячамі ў хамут.
136 👁