Белыя мухі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. белые мухи, укр. білі мухи). Снег, сняжынкі. Пра снег, што падае. Падобна, што на мароз бярэцца. Дый не дзіва: сёння ранкам лёталі ўжо белыя мухі!.. (А. Савіцкі. Зямля не раскажа).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на супастаўленні падаючых сняжынак з лятучымі мухамі. Параўн. ужыванне гэтага ж вобраза ў якасці параўнальнага звароту: «А вакол было цёмна, і ў гэтай цемені, як белыя мухі, круціліся, скакалі сняжынкі» (Л. Арабей).
Бібікі біць. Уласна бел. Марнаваць час, гультаяваць. Адразу відаць, што тры гады хлопец бібікі біў, таму і разважаць пачалавечы не навучыўся (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Асновай для ўтварэння фразеалагізма паслужыла мадэль: біць + этымалагічна «цёмны» назоўнік у мн. л. Гэта даволі прадуктыўная мадэль: біць лынды, біць брынды, біць байды, біць тылылы; параўн. ва ўкр. м.: бити байдики, бити баглаї, бити гандри, бити бурла; у рускай мове: бить баклуши. Усе яны, у тым ліку бібікі біць, — фразеалагізмы-сінонімы са значэннем 'бадзяцца, займацца нявартымі справамі'. Назоўнікавы кампанент бібікі ўтварыўся паўтарэннем дзеяслоўнай асновы біць.
Бітая гадзіна. Паўкалька з руск. м. (битый час). Вельмі доўга. — А вы лічыце, што шафёр не павінен абедаць? — Хай наздароўе абедае, але мы чым вінаватыя? Стаім бітую гадзіну… (І. Аношкін. Прэмія).
Узнікненне выразу звязана з боем гадзінніка. Бітая — літаральна 'поўная, цэлая'; «намёк на гадзіну, якая „прабіла" пасля пачатку яе» (М. І. Міхельсон). У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча фіксуецца ў форме біты час.
Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.
Біцца як рыба аб лёд. Агульны для ўсходнесл. м.; фразеалагізм з блізкай вобразнасцю ёсць і ў некаторых іншых мовах, напрыклад (у пакампанентным перакладзе): біцца як рыба на сушы (балг.), біцца як рыба на пяску (польск.), біцца як карп на сушы (чэшск.). Без выніку і плёну намагацца, старацца, дабівацца чаго-н. Думаеш, каб было лепей і табе, і тваім бліжнім, б'ешся як рыба аб лёд, а ўсё не так атрымліваецца… (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).
У аснове фразеалагізма — параўнанне з рыбамі, толькі што злоўленымі і кінутымі на лёд.
Біццё бібікаў. Уласна бел. Гультайства, бяздзейнасць. Алесь Лявонавіч, відаць, з цікавасцю да магчымага сюжэту, а я проста ад працяглага біцця бібікаў выказалі пажаданне азнаёміцца з статутам і мэтамі казацкае вольніцы (М. Скобла. Дзярэчынскі дыярыуш).
440 👁