Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Без сучка і без задзірынкі. Паўкалька з руск. м. (без сучка без задоринки). Ужыв. са значэннямі 'вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)' і 'вельмі добры, без заган і недахопаў'. Дзяжурства на лодачнай станцыі прайшло без сучка і задзірынкі… (І. Аношкін. Бублікаў затрымлівае хулігана). Я разумею Русаковіча: ён хоча, каб машына была без сучка без задзірынкі (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба). Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці. Без цара ў галаве. Запазыч. з руск. м. Недалёкі, абмежаванага розуму. Гэта ў нашым пад'ездзе такая суседка жыве — забываецца вечна. Зусім без цара ў галаве (Н. Гілевіч. Пісьмо рэдактару адной газеты). Узнік на аснове фразеалагізма з царом у галаве (гл.) як яго сэнсавая супрацьлегласць. Белая варона. Калька з лац. (аlbа оwis) або англ. (withe crow) м. Чалавек, рэзка непадобны на іншых людзей сваімі паводзінамі ці знешнім выглядам, не такі, як усе. Апынуўшыся ў войску, ён адчуваў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх… (В. Быкаў. Жураўліны крык). Словазлучэнне белая варона толькі на першы погляд здаецца нелагічным спалучэннем двух неспалучальных паняццяў: у прыродзе сустракаюцца, хоць і рэдка, белыя вароны. Такая незвычайная афарбоўка выклікаецца адсутнасцю ў арганізме нармальнай пігментацыі. Упершыню словазлучэнне было выкарыстана з метафарычным значэннем у сатыры рымскага паэта I–II стст. Ювенала. Адтуль як калька з лац. м. яно перайшло не толькі ва ўсходнеславянскія, але і ў многія іншыя еўрапейскія мовы. Белая пляма. Агульны для ўсходнесл. м. Мае значэнні 'недаследаваная тэрыторыя' і 'нераспрацаваная частка чаго-н. (пытання, праблемы і г. д.)'. Пазнаёмцеся. Генадзь Залужны… адкрывальнік белых плям на крутых адгор'ях Гіндукуша (Я. Радкевіч. Буяла лета). Мы, пісьменнікі, не асвятлілі гісторыі мастацкай літаратуры. Гэта белая пляма (ЛіМ. 21.05.1976). Выраз узнік са свабоднага словазлучэння, звязанага з геаграфічнымі картамі. Калі той ці іншы раён або край яшчэ не быў даследаваны, то на картах, на фоне рознакаляровага адлюстравання зямной паверхні, ён выглядаў белай плямай. Першае значэнне ('недаследаваная тэрыторыя') развілося ў фразеалагізме метанімічным спосабам — на аснове прасторавай сумежнасці, другое ('нераспрацаваная частка чаго-н.') узнікла на базе першага метафарычным спосабам (на аснове падабенства з'яў).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
117 👁
 ◀  / 440  ▶