Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Ідзе, падыходзіць як свінні сядло. Уласна бел. Зусім не (падыходзіць каму-н. што-н.). Гаворыць абы-што, а яшчэ ў капелюшы! Ідзе ён табе як свінні сядло! (М. Ваданосаў. Стары пятак). Відаць, склаўся на аснове фразеалагізма (сядзець) як (нібы, бы) на карове сядло (гл.). Як селядцоў y бочцы ў чым. Агульны для бел., руск. (как сельдей в бочке) і ўкр. (як оселедців y бочці) м. У вялікай колькасці. Пра мноства людзей у якім-н. месцы (у памяшканні, вагоне і пад.). Пасажыраў было ў вагоне як селядцоў y бочцы (І.Новікаў. Ачышчэнне). Выраз усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання. Як серада на пятніцу крывіцца, касіцца. Уласна бел. 3 вялікім незадавальненнем, болем і пад. — Чаго скрывіўся як серада на пятніуу? — сумеўся Міця. — Нядобрыцца ці што? (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына).. Сучасніку ўжо невядома, чаму ў выразе як серада на пятніцy іменна гэтыя дні абралі для параўнання, тады як яшчэ на пачатку XX ст. выраз не быў загадкавы, бо звязваўся з поснымі днямі, устаноўленымі царквой. Есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў naсты, але і ў сераду і пятніцу амаль кожнага тыдня. Выходзіла, што і ў сераду чалавек не пад'еў як след, a тут на носе такая ж «сухая» пятніца. Адсюль і параўнанне: скрывіўся, як серада на пятніцу. Пры вытлумачэнні паходжання гэтага выразу трэба, відаць, улічваць і тое, што ў пятніцу пасцілі больш строга, чым у сераду (параўн. y п'есе Я. Купалы «Прымакі»: мокрая серада, сухая пятніца); таму серада мела падставы крыўдаваць, крывіцца на пятніцу. 3 гэтымі поснымі днямі звязана ўзнікненне і такіх зваротаў: зморшчыўся, як сухая пятніца; не бяда, што без рыбы серада. Лупіць, лупцаваць і пад. як сідараву казу. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі жорстка, бязлітасна. І зноў Хрысціну ахапіла злосць на дачку. Здаецца, каб магла, адлупцавала б як сідараву казу (А. Асіпенка. Рэха даўніх падзей). Узнік, паводле В. М. Макіенкі, на аснове старажытнага ўстойлівага параўнання біць, як казу, вядомага ў некаторых іншых мовах (напрыклад, y латышскай мове: pert ka kaiminu azi, літаральна «біць як суседскую казу»). Супастаўленне з казой грунтавалася на тым, што гэту жывёліну часта білі за патраву. Прыметнікавы кампанент у фразеалагізме мае сувязь з імем Сідара, якое ў шматлікіх прыказках ужываецца з адмоўнай характарыстыкай сварлівага і задзірлівага суседа.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
 ◀  / 440  ▶