Байды біць. Агульны для бел. і ўкр. (байди бити, байдики бити) м. Гультаяваць, марнаваць час, займацца нявартымі справамі. Як снег сойдзе, то нам у полі араць трэба, няма дурных байды біць па тваіх курганах ды скарбы шукаць (І. Чыгрынаў. Залатая рука). І. І. Насовіч звязвае паходжанне фразеалагізма з адпаведным свабодным словазлучэннем, у якім слова байды — палі'. Аднак такая цяжкая праца, як забіванне паляў у зямлю, наўрад ці магла выклікаць у каго-небудзь асацыяцыю з гультайствам, марнатраўствам. Можна меркаваць, што выраз узнік на ўзор іншых: біць брынды, біць тылылы (ва ўкр. м.: бити гандри, бити бурла), у якіх дзеяслоўны кампанент семантычна пусты, дапаможны, а назоўнікавы выконвае сэнсаўтваральную ролю (дарэчы, ва ўкр. м. сінонімам фразеалагізма байдики бити выступае ўтвораны на аснове назоўнікавага кампанента дзеяслоў байдикувати). Байда — устарэлае слова са значэннем барка', роднаснае са словамі байдак, байдара, байдарка. Словам байда называлі рачныя судны на Дняпры і яго прытоках. Праца людзей на байдзе, нанятых на перыяд навігацыі, здавалася лёгкім заняткам, нявартай справай (асабліва так глядзелі на яе тыя, хто на гэты час заставаўся адзін на гаспадарцы). Баль у часе чумы. Паўкалька з руск. м. (пир во время чумы). Вясёлае бестурботнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну. Сыдуць прэч быццё быдлячае, дзікі бальу час чумы… I прачнуцца душы спячыя: «Божа, глянь! А гэта ж — мы!» (С. Законнікаў. Так будзе). Паходзіць ад назвы драматычных сцэн (1830) А. С. Пушкіна, сюжэтнай асновай для якіх паслужыла сцэна з паэмы англійскага паэта Дж. Вільсана «Чумны горад» (1816), дзе апісваецца лонданская чума 1665 г. Баранчык божы. Уласна бел. Вобразна-метафарычная назва бакаса — балотнай птушкі з голасам, падобным да бляяння. Алесь! ты чуеш, як рагоча ў беразняку баранчык божы? (Я. Колас. Новая зямля). Божым гэты баранчык названы таму, што ён падымаецца вельмі высока ў неба, залятае, жартам кажучы, ледзь не да самога Бога: «Баранчык божы ў паднябессі бляе маркотна над балотам» (Я. Колас). Бачыць наскрозь. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. видеть насквозь, укр. бачити наскрізь). Ужыв. са значэннямі: 1) каго; 'вельмі добра ведаць чые-н. думкі, намеры і пад.'; 2) што; 'глыбока разумець, ведаць што-н., пранікаць у сутнасць чаго-н.' А ты перадамной не вылузвайся. Я цябе наскрозь бачу (І. Чыгрынаў
65 👁