Б Бабіна лета. Агульнаслав. (толькі ў балг. м. існуе іншы адпаведнік: сиромашко лято, літаральна 'беднае, няшчаснае лета'). У бел. м. ужыв. са значэннямі: 1) ранняя восень з яснымі цёплымі днямі, 2) серабрыстае павуцінне, якое плыве над зямлёй у дні бабінага лета, 3) астра новабельгійская, 4) час прыліву новых сіл, творчай энергіі або ўзнікненне кахання ў пажылыя гады. Для Івана Майсеевіча восень, асабліва бабіна лета, — чаканы і радасны час, пара вялікай і мудрай раўнавагі (Г. Пашкоў. За восеньскай Лошыцай). «Бабіна лета» плыло даўжэзнымі пасмамі ў паветры, асядала на траву, чаплялася за дрэвы ды плыты (Р. Мурашка. Сын). Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета (К. Чорны. Скіп'ёўскі лес). У жыцці маім — бабіна лета, на душы маёй квецень вясны! Мабыць, сэрца такое паэта? Можа, гэта чароўныя сны? (П. Пруднікаў. У жыцці маім — бабіна лета…). Серабрыстае павуцінне, што бабіным летам плыве і плыве над зямлёй, падобнае на доўгія сівыя валасы старой жанчыны. Мяркуюць, што гэта падабенства і было падставай, каб назваць цёплыя (нібы зноў лета вярнулася!) асеннія дні бабіным летам. Ёсць і шэраг іншых версій пра ўзнікненне гэтага выразу ў яго першым значэнні. Другое значэнне развілося на аснове першага ў выніку метанімічнага пераносу. Вынікам метафарычнага пераносу, з актуалізацыяй патэнцыяльных сем ('працяг ці вяртанне лета'), сталі трэцяе і чацвёртае значэнні: 'астра новабельгійская' (расліна, якая цвіце да глыбокай восені) і 'час прыліву новых сіл, творчай энергіі'. Бабка надвое варажыла (гадала). Усходнесл. Ужыв. са значэннямі 'невядома, ці ўдасца ажыццявіць жаданае' і 'невядома, ці адпавядае сапраўднасці тое, пра што гавораць'. Дык от: дабярэцеся вы [праз лінію фронту] ці не — бабка надвое гадала. А біць немца і тут можна (П. Місько. Мора Герадота). Тут, бачыш, на каго нарвешся… Ёсць сярод іх і разявы. Ёсць і ласыя да грошай. Ёсць і такія, што спачуваюць нам. У такіх выпадках кажуць: бабка надвое варажыла… (Р. Няхай. Туман над стэпам). Узнік як выказванне недаверлівых, іранічных адносін да варажбітак (бабак), якія спрабавалі ўгадаць чый-небудзь лёс, прадказаць надвор'е, ураджай і інш. Сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці — «Лістах Філона С. КмітыЧарнабыльскага» (XVI ст.): «А теж і тогды тая бабка на двое ворожила. Был бы паном, был а не был. Ино от него Бог збавил
Дадатковыя словы
надворе, скіпёўскі
62 👁