Як на дзяды. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) выдатна, уволю (наесціся, пад'есці), 2) чаго, вельмі многа (пра яду). [Скіба:] Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас? [Дзед Бадыль:] Дзякую. Наеўся як на дзяды (К. Крапіва. Партызаны). Хоць любіў Сцёпка, каб яды было як на дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю (Ядвігін Ш. Зарабіў). Дзяды — старадаўняе памінанне нябожчыкаў, a таксама дзень, калі адбываўся гэты абрад. На дзяды гатавалася сем — дзесяць страў (куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса і інш.). Пасля малення гаспадар выходзіў з хаты і заклікаў на вячэру «дзядоў»нябожчыкаў. Сям'я ела з перапынкамі, кладучы час ад часу лыжкі на стол, каб імі сімвалічна маглі пакарыстацца «дзяды». На іх долю яшчэ адлівалі і адкладвалі ад кожнай стравы ў асобны посуд. Пасля вячэры не прыбіралі са стала: пакідалі нібыта для нябожчыкаў. Як на дзяды — водгалас памінальнага абраду. Як на дражджах расці Агульны амаль для ўсіх слав. м. Вельмі хутка і добра. — Павел Іванавіч, проса на Топалі не праполана. A проса добрае. — Усё расце як на дражджах, a людзей не хапае (І.Шамякін. Крыніцы). Выраз успрымаецца як матываваны — праз супастаўленне з уздзеяннем дражджэй пры пячэнні хлебных вырабаў, прыгатаванні піва і г.д. Як на духу. Агульны для ўсходнесл. м. Шчыра, не ўтойваючы. Урэшце, калі гаварыць як на духу, то мала хто з разумных людзей верыў y тое, што пісалі апошні раз пра яе… (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі). Узнік як параўнальны зварот на аснове спалучэнняў быць на духу, пайсці на дух, дзе дух абазначае 'споведзь, раскаянне ў грахах'. Як на іголках. Калька з ням. м. (wie auf Nadeln; параўн. y франц.: être sur des epines — быць на калючках). Ужыв. пры дзеясловах быць, сядзець, абазначае 'вельмі неспакойна, з хваляваннем'. Яшчэ гадзіну якую сядзела Лена як на іголках, Усё хацела паглядзець, a што там такое у скрутку (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Фразеалагізм усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання. Як на камéнную сцяну (гару). Агульны для ўсходнесл. м. Поўнасцю, цалкам (спадзявацца, апірацца і пад. на каго-н.). Покі што ў мяне ёсць тры асобы, сяляне, і адзін з іх чалавек вельмі сур'ёзны. На яго можна палажыцца як на каменную сцяну (Я. Колас. На ростанях
Дадатковыя словы
падесці, сурёзны, сямя
43 👁