Як Марка па пекле. Агульны для бел. і ўкр. м. Бесперастанку (рухацца, блукаць, часам без толку). A што ж вы, разумныя?.. Таўпехаецеся як Марка па пекле… і больш нічога (Я. Купала. Раскіданае гняздо). Выраз склаўся на аснове легенды пра Марку Пякельнага (занатавана ў 2-м томе «Матэрыялаў…» П. В. Шэйна; 1893). У ёй расказваецца, як сялянскі хлопец Марка многа дзён едзе па пекле на кані і ўвесь час са шкадаваннем і болем назірае, якія розныя пакуты церпяць грэшнікі, але нічым не можа ім дапамагчы. Як Марку па пекле ганяць. Агульны для бел. і ўкр. м. З аднаго месца ў другое, y розных напрамках. Праца ў газеце ганяла як Maрку па пекле з калгаса ў калгас, з раёна ў раён… Для творчасці сапраўднай, якой Антон лічыў мастацкую літаратуру, — аставаліся выхадныя дні ды ночы (Б. Сачанка. Дарога ў Хатынь). Склаўся (як і выраз як Марка па пекле хадзіць, блукаць, сноўдацца і пад.) на аснове той самай легенды пра Марку Пякельнага, які на працягу многіх дзён мусіў ездзіць па пекле ў розных напрамках з аднаго месца ў другое. Як мыла з'еў (з'еўшы). Агульны для бел. і ўкр. (як мила з'ів) м. З незадаволеным, кіслым выглядам, y дрэнным настроі. Гаспадыня бразнула дзвярамі, a Журавінка з двара пайшоў як мыла з'еўшы (М. Лобан. Гарадок Устронь). Спроба І.І.Насовіча вытлумачыць паходжанне фразеалагізма сувяззю паміж словамі мыла і абмыліцца, памыліцца наўрад ці пераканальная. У параўнальным звароце, які стаў фразеалагізмам, мелася на ўвазе, відаць, не мыла, a мыльная трава (параўн. y рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі»: «— Тады як хочаце, — разгублена паціснуў плячамі Раман Сёмачкін і, нібыта наеўшыся якой мыльнай травы, падаўся да Рахіма)». Мыла — народная назва некаторых раслін; напрыклад, мыльнік (Saponaria) называюць мылам, сабачым мылам, увярэднік (Pedicularis) — мылам, зязюльчыным мылам. Калі карова з'есць такога мыла, то, як засведчана ў даведніках па ветэрынарыі, становіцца вялая, прыгнечаная: яно дзейнічае на розныя органы, на цэнтральную нервовую сістэму. Выток фразеалагізма — падабенства з'яў. Як на гарачым вуголлі. Відаць, калька з франц. м. (sur des charbons andents). У стане крайняга хвалявання, непакою, трывогі і пад. (сядзець, стаяць і інш.). Увесь апошні дзень Сцяпан правёў як на гарачым вуголлі і, можа, дарэмна не ўстрымаўся, даў волю нервам (В. Карамазаў. Бярозавыя венікі). Фразеалагізм усведамляецца як матываваная адзінка, што ўзнікла на аснове гіпербалічнага параўнання
Дадатковыя словы
зесць, зеў, зеўшы, зяў, зів
56 👁