Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
агульнага для ўсходнесл. м. дзеяслоўнага фразеалагізма як аршын праглынуў 'ненатуральна прама стаіць ці сядзіць' (гл.). Круціцца як вавёрка ў коле. Калька з руск. м. (как белка в колесе). У пастаянных занятках, клопатах. Цэлы дзень круцілася яна [Аня] як вавёрка ў коле: змятала пыл, мыла падлогу, карміла ляжачых хворых, мяняла ім бялізну, памагала мыцца ў ванне (А. Васілевіч. Навальніца). Выраз з байкі І.А. Крылова «Вавёрка» (1833). У ёй апісваецца, як вавёрка, знаходзячыся ў клетцы, увесь час круціць прымацаванае там рухомае кола, чапляючыся лапкамі за тонкія планкі, і нібы бесперапынна бяжыць. У баечнай маралі гаворыцца пра дзялка, які іншы раз хоць і круціцца, «як вавёрка ў коле», але ніколькі не падаецца наперад. Глядзець, берагчы, шанаваць і пад. як вока ў ілбе. Агульны для бел. і ўкр. м. Вельмі старанна, клапатліва. Пакляўся Рабы, што будзе глядзець жонку і шанаваць як вока ў ілбе і нікуды з Глінак не выедзе, не вернецца да сваіх Карпат (К. Каліна. Крылаты конь). Склаўся, магчыма, пад уплывам сэнсава тоеснага фразеалагізма як зрэнку вока (гл.) — паўкалькі з царк. — слав. м. Як вол рабіць, працаваць, цягнуць і пад. Калька з франц. м. (travailler comme un boeuf). 3 крайнім напружаннем сіл. [Антаніна Цімафееўна:] Усе павінны ведаць, што ты npaцyeш як вол, начэй не спіш — за раён хварэеш… (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка). Вобразнасць фразеалагізма празрыстая. Нярэдка ён ужываецца ў форме як чорны вол: «Сагнуўшы плечы ў крук, араў зямлю Паўлюк, як чорны вол варочаў» (Я. Купала). Як га. Уласна бел. Вельмі хутка. Як у казцы, усё зрабілася адразу. Як «га», гатоў быў рай на зямлі (З. Бядуля. Дванаццацігоднікі). Унутраная форма фразеалагізма ўсведамляецца так: «хутка, як крыкнуць, як сказаць га» (Ф. Янкоўскі). Магчыма, выраз паходзіць з параўнальнага звароту як «га» сказаць (крыкнуць). Як гарох пры дарозе. Агульны для бел., укр. (мов горох при дорозі) іпольск. (jak groch przy drodze) м. Ужыв. са значэннямі: 1) ненадзейна, трывожна, неспакойна, 2) адзінока і без дагляду (расці, заставацца, жыць і пад.). Людзі жылі як гарох пры дарозе, людзі жылі ў штодзённай трывозе (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). Сам Радзівон жыве як гарох пры дарозе, без дагляду, без усякае сталасці (К. Чорны. Сястра). Этымалогія фразеалагізма становіцца зразумелай, калі прыгадаць яго больш поўную, нескарочаную форму — прыказку, якая ўжываецца і цяпер: Жыву, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той скубе
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
40 👁
 ◀  / 440  ▶