Якая муха ўкусіла каго. Калька з франц. м. (quelle mouche vous pique). Ужыв. як выказванне здзіўлення з прычыны незразумелых паводзін каго-н. і абазначае 'што здарылася з кім-н., як усё гэта растлумачыць'. Якая муха ўкусіла жанчыну, што так разлямантавалася на ўвесь дом? (І.Новікаў. Да світання блізка). Успрымаецца як жывое метафарычнае ўтварэнне. Як бабёр плакаць. Агульны для бел. і польск. (jak bobr) м. Жаласліва і доўга. Пагляджу, бывала, y люстэрка — галава круглая, белая, быццам качан капусты. Плачу як бабёр (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі). Паходзіць з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Калі бабёр удзень выходзіць з вады на працу, то ўвесь час нібы плача, бо вочы яго слязяцца ад святла. Упершыню выраз ужыў Ф. Багушэвіч y байцы «Воўк і авечка»: Плачуць сын і матка, як бабры, абое. Як бог на душу пакладзе (паложыць). Паўкалька з руск. м. (как бог на душу положит). Як здарыцца, як прыйдзецца, бессістэмна. Пану Лацкевічу як бог на душу пакладзе. Захоча — зробіць, не захоча — ніхто яго не прымусіць (М. Машара. Сонца за кратамі). Узнікненне выразу, як мяркуе М.І.Міхельсон, звязана з царскім судом у Маскве, y Прыказе вялікага Палаца, дзе ўсё рашаў сам цар, які, будучы памазанікам Божым, судзіў, «як яму Бог на душу паложыць». Як (быццам, нібы) аршын праглынуў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. как аршин проглотил, укр. наче аршин проковтнув). Ненатуральна прама стаіць ці сядзіць. A хлопцы, хлопцы! Кожны быццам аршын праглынуў: такія важныя, такія строгія (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см. Як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы сядзець, хадзіць. Уласна бел. У ненатуральна прамой паставе. Ён [Кушэль] заўсёды хадзіў як аршын праглынуўшы (І.Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). Сястра Аўдакія сядзіць нібы аршын праглынуўшы, шэпча нешта (М. Лынькоў. На чырвоных лядах). Паходзіць з параўнальнага звароту, заснаванага на нерэальным вобразе, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см. Можна таксама лічыць, што гэты прыслоўна-акалічнасны выраз, які рэалізуе сваё значэнне толькі пры дзеясловахсуправаджальніках сядзець, хадзіць, мог узнікнуць пад уплывам
37 👁