Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Язык як (што) брытва. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'здольнасць востра і дасціпна гаварыць' і 'хто-н. Дасціпны, з'едлівы ў размове'. І так сабой не асабліва відная — драбната. Паглядзець няма на што. І твар — худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!.. (І.Мележ. Людзі на балоце). Сустракацца з усёй брыгадай яму [Валянціну] не хацелася, асабліва з Ганнай Калеснікавай — y гэтай язык што брытва (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў). Склаўся, магчыма, пад уплывам біблейскага тэксту: «Пагібель выдумляе язык твой; як вытанчаная брытва, ён у цябе, каварны» (Псалтыр, 51,4). Як адзін. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі 'без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе)', 'дружна, аднадушна (рабіць што-н.)' і 'зусім аднолькавыя і добрыя ў якіх-н. адносінах'. Кажуць, што добра нам, калі ў брыгадзе ўсе як адзін спрактыкаваныя (У. Карпаў. За годам год). Можна ўправіцца і з уланамі, калі станем як адзін (П. Галавач. Яны не пройдуць!). Бывала, Гняцецкі калі прыедзе на чацвёрцы да касцёла, дык усё мястэчка як на дзіва глядзіць: як адзін, сівыя ў яблыкі, аж мяняюцца (К. Крапіва. Мядзведзічы). Узнік, відаць, y выніку скарачэння фразеалагізма як адзін чалавек, які і цяпер ужываецца ў мове, але толькі пасля слова ўсе і са сваім адзіным значэннем 'без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе)': «Партызан убачылі праз цьмяныя акенцы вучні, і ўсе як адзін чалавек сыпанулі на двор» (А. Карпюк). Два іншыя значэнні, уласцівыя фразеалагізму, развіліся ў ім самастойна. Як асіна калаціцца, дрыжаць. Агульны для бел., укр. (як осика) і чэшск. (jak osika) м. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху). Не крычы ты на яго, Сёмка: ён і так увесь калоціцца як асіна (Я. Колас. Сірата Юрка). Этымалагічная аснова фразеалагізма тая самая, што і ў выразе як асінавы ліст (гл.). Як асінавы ліст калаціцца, дрыжаць, трымцець. Агульны для ўсходнесл. (руск. как осиновый лист, укр. як осиковий лист) і польск. (jak liść osiki) м. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху). Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжала ад страху як асінавы ліст (З. Бядуля. Дэлегатка). Выраз успрымаецца як матываваны. Чаранок асінавага ліста вельмі доўгі, таму нават пры нязначным руху паветра асінавыя лісты пачынаюць дрыжаць. Узнікненне фразеалагізма звязваюць і з павер'ем пра асіну як праклятае дрэва: евангельскі здраднік Юда пасля раскаяння нібыта сам павесіўся на асінавым суку, з таго часу асінавыя лісты асуджаны на вечнае трымценне
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зедлівы, паверем
26 👁
 ◀  / 440  ▶