Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Яблыку няма (не было) дзе ўпасці. Паўкалька з руск. м. (яблоку негде упасть). Ужыв. са значэннямі 'у вялікай колькасці (пра мноства людзей у якім-н. месцы)' і 'вельмі цесна, няма свабоднага месца'. У зале людзей — яблыку няма дзе ўпасці. Усе паднядзеліліся, пры гальштуках (Полымя. 1978. № 1). У аўтобусе, які ідзе ў Асавец з Мінска, яблыку няма дзе ўпасці (І.Навуменка. Развітанне ў Кавальцах). У руск. м. фразеалагізм прыйшоў, напэўна, з ням. м. як недакладная калька (es konnte kein Apfel zur Erde fallen, літаральна «нельга яблыку на зямлю ўпасці»). Язык адняўся ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. раптам змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.). Тут y Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у акно, бо быў упэўнены, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава (Я. Колас. Трывога). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць пад уплывам свабодных словазлучэнняў тыпу рука аднялася, нага аднялася, дзе аднялася абазначае 'перастала дзейнічаць у выніку паралічу'. Язык без касці (касцей) у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе. У Юлі язык без касцей, вось яна і плявузгае абы-што, псуе нервы і сабе, і яму, Цімоху… (І.Капыловіч. Абходчык). Відаць, паходзіць з прыказкі Язык без касці: што хочаш пляшчы, з якой, y выніку скарачэння другой часткі, узнік фразеалагізм. Параўн. іншыя варыянты прыказкі: Язык без косці, што хоча, то хлосціць; Язык — мяса без касцей, куды хочаш павернеш. Язык гладка ходзіць y каго, чый. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. — A я што? Лыкам шыты? — Язык у цябе гладка ходзіць, — усміхнуўся Якуб Колас (С. Белы. На бацькоўскай зямлі). Узнік, відаць, на вобразнай аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма язык добра падвешаны ў каго (гл.) — калькі з франц. м. Упершыню ўжыты ў вершы Я. Купалы «Мужык» (1905) y такім кантэксце: «Чытаць, пісаць я не ўмею, не ходзіць гладка мой язык, бо толькі вечна ару, сею, — бо я мужык, дурны мужык». Язык добра падвешаны ў каго. Калька з франц. м. (à la langue bien pendue). Хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць. Генка Навіцкі.. не стаў бы асабліва хвалявацца. Язык добра падвешаны. I тэму б для размовы знайшоў, і пра нафту беларускую, і анекдоты расказаў бы салёненькія (Я. Каршукоў. Сустрэча
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
41 👁
 ◀  / 440  ▶