Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Першапачатковае значэнне апошняга кампанента зразумелае, хоць ён тут мае абагульнены сэнс (маецца на ўвазе зусім неабавязкова мех як пэуны прадмет хатняга ўжытку). Першы ж кампанент, як і ў некаторых іншых рыфмаваных фразеалагізмах, склаўся ў працэсе рыфмоўкі. Шостае пачуццё. Калька з франц. (sixième sens) або англ. (sixth sеnsе) м. Здольнасць інтуітыўна ўспрымаць, прадбачыць, угадваць што-н. Шостым пачуццём ён намагаецца зразумець сэнс трагедыі: «Чаму? Чаму менавіта гэтае зялёнае дзяўчо стала ахвярай натоўпу?» (А. Кудласевіч. «Жэзл Жалезны»). Чалавек і вышэйшыя жывёлы ўспрымаюць з'явы навакольнага асяроддзя з дапамогай пэўных органаў пяці пачуццяў — зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку. Выразам шостае пачуццё назвалі інтуіцыю — як бы дапаўненне да гэтых пяці пачуццяў. Што босаму разуцца. Гл. як (што) босаму разуцца. Што костка ў горле каму. Гл. як (што) костка ў горле каму. Што называецца. Калька з франц. м. (ce gu'on appelle). Як прынята гаварыць. Гэтае раніцы Дзераш быў, што называецца, не ў гуморы (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы). Што сліна на язык прынясе (прынесла). Уласна бел. Зусім не думаючы і абы-што (гаварыць, плесці, балабоніць і пад.). [Сучасны: ] Каб балабоніць што сліна на язык прынясе ды не дастаць за гэта па мазгах, трэба быць братам дырэктара. Родным! (С. Яновіч. Гутарка Сучаснага з Хворым). У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. У крыху іншай форме гэты выраз сустракаецца ў старажытным помніку палемічнай літаратуры «Антиризисъ, или Апологія противъ Христофора Филалета» (1599): «И тамъже далей лжить, соромотить владыковъ, што ядовита слина до губы прынесла, запаметавши своее обетницы, же ни кому лаяти не мелъ». Што ўбіў то і уехаў. Уласна бел. Бесклапотны, гультаяваты, такі, што толькі пад прымусам робіць што-н. (пра чалавека). Сярод дзяцей таксама трапляліся неслухі, «што ўбіў то і ўехаў», падпадалі пад уплыў людзей не лепшых у вёсцы (Б. Сачанка. Вечны кругазварот). Хутчэй за ўсё, гэта выраз «конскага паходжання»: пра каня, якога ўвесь час трэба падганяць. Першапачаткова выкарыстоўваўся, як мяркуe М. А. Даніловіч, «у дачыненні да цяглавай жывёлы, пераважна каня, са значэннем 'не шпаркі ў хадзе, працы, наравісты'; y далейшым адбылася пераарыентацыя на чалавека». Што шыла ў мяшку. Гл. як (што) шыла ў мяшку
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

guon, зявы
25 👁
 ◀  / 440  ▶