Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Чым чорт не жартуе! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чем черт не шутит!,укр. з чим чорт не жартуе!). Ужыв. са значэннем 'усё можа здарыцца, усякае бывае' як выказванне дапушчальнасці ці магчымасці чаго-н. непрадбачанага, нечаканага. [Надзя:] A наконт студэнта ты так і паверыў? [Валодзя:] У жыцці ўсяк здараецца. Чым чорт не жартуе, думаю сабе (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба). Паходзіць, відаць, з прыказкі Чым чорт не жартуе, калі бог спіць. Чын чынам. Агульны для ўсходнесл. м, Так, як трэба, як належыць. Быстроў за Сонцава адказаў: — Усё будзе чын чынам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант (І.Мележ. Мінскі напрамак). Узнікненне выразу ставяць у сувязь з вясельным абрадам. Слова чын раней абазначала 'устаноўлены парадак выканання чаго-небуцзь'. Гэтым словам называлі таксама свата, сваццю, дружкоў і інш. («вясельныя чыны»). Быў «чын поезда да нявесты», «чын з дома нявесты». Беларускае вяселле Е. Раманаў называў «своеасаблівай операй», дзе ўсё ішло з пэўнай паслядоўнасцю, паважна, «чынна», чын чынам. Чырвонай ніткай праходзіць. Калька з ням. м. (sich wie ein roter Faden hindurch). Вельмі выразна, ярка (праходзіць). У праекце Прыкладнага Статута сельгасарцелі чырвонай ніткай праходзіць думка аб тым, што кожная гаспадарка абавязана з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць зямлю (Звязда. 16.11.1969). Гэты выраз у сучасным, пераносным яго значэнні ўпершыню выкарыстаў Гётэ ў рамане «Роднасныя натуры», адначасова паказаўшы, ад якога канкрэтнага значэння ён ішоў: «Нам давялося чуць, што ў англійскім марскім ведамстве існуе такое правіла: усе снасці каралеўскага флоту, ад самага тоўстага каната да найтанчэйшай вяроўкі, сукаюцца так, каб праз іх, на ўсю даўжыню, праходзіла чырвоная нітка, якую нельга выцягнуць іначай, як распусціўшы ўсё астатняе; так што нават па самым маленькім абрыўку вяроўкі можна пазнаць, што яна належыць англійскай кароне. Якраз гэтак жа і праз увесь дзённік Атыліі цягнеццачырвоная нітка сімпатыі і прыхільнасці, якая ўсё спалучае ў адно і знамянальна для цэлага». Чырвоны памешчык. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. красный помещик, укр. червоний поміщик). Старшыня калгаса як гаспадар з неабмежаванай уладай. «Чырвоныя памешчыкі» паўсюдна рабілі, што хацелі, ператвараючы падначаленых у паслухмяных балванчыкаў (М. Дзелянкоўскі. Бойся, a то…). У выразе абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя. Чырвоны суадносіцца з вытворным значэннем 'звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам', a памешчык — асацыіруецца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
21 👁
 ◀  / 440  ▶