Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Чорны дзень. Агульны для ўсходнесл. м. Цяжкі, змрочны час для каго-н. Запасы Сымона Чарнюка на «чорны дзень», на «канец свету» запоўнілі хатку дзе-нідзе да самай столі (З. Бядуля. Язэп Крушынскі). Прыметнікавы кампанент тут выступае як сэнсаўтваральны, ён суадносіцца з такімі перыферыйнымі значэннямі слова чорны, як 'цяжкі, беспрасветны' ці 'звязаны з горам, няшчасцем'. Ды і кампанент дзень захоўвае часавае значэнне, праўда, няпэўнага характару, y сэнсе 'перыяд, час'. Параўн. y польск. м.: czarna godzina. Аслабленая знітаванасць паміж кампанентамі дапускае ўстаўку азначэнняў паміж імі: «У Куранях ягадамі карміліся, ягады збіралі, сушылі на продаж, на грошы, на чорны зімовы ці веснавы дзень» (І.Мележ). Чорным па белым. Калька з франц. (noir sur blanc) або ням. (schwarz auf weiß) м. Вельмі дакладна, выразна, зусім пэўна, недвухсэнсава (напісана, сказана, надрукавана і пад.). Там жа чорным па белым напісана, якія трэба даведкі, каб памяняць ваш дакумент (Б. Сачанка. Форма). Выраз усведамляецца як матываваны, пабудаваны на антанімічным супастаўленні двух слоў. Чортава акно. Гл. чортава вока. Чортава вока. Уласна бел. Багністая бяздонная прорва. Дзе толькі льга было прайсці паміж крынічышчаў, там вілася сцежка. Адна ішла паўз самы край «чортавага вока» (К. Чорны. Трэцяе пакаленне). Раней у народным уяўленні балота было любімым прыстанкам чарцей. Гэта адбілася ў шматлікіх казках і ў такіх, напрыклад, прыказках: Без чорта балота не бывае; Абы балота, чэрці будуць; Чэрці без балота, a балота без чарцей не будзе. Самыя гіблыя мясціны ў балоце называюць царствам чарцей. Тут сустракаецца нямала правалаў, запоўненых смаліста-чорнай вадой. Праз гэтыя «вокны» чэрці нібыта цікуюць за ахвярамі. Таму бяздонная прорва і называецца чортавым вокам ці чортавым акном. Чортава гібель каго, чаго. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі многа, y вялікай колькасці (пра людзей ці неадушаўлёныя прадметы). A даўней шмат пастоў людзі зналі і вялікіх шэсць тыдняў пасцілі ды дробных пастоў усякіх розных яшчэ была чортава гібель: пятроўка, іспасаўка, піліпаўка ды штотыдня серада з пятніцаю (Л. Калюга. Нядоля Заблоцкіх). Сэнсаўтваральным тут выступае кампанент гібель, які і ў свабодным ужыванні можа абазначаць 'вялікая колькасць чаго-н.'. Кампанент чортава выконвае экспрэсіўную функцыю
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
21 👁
 ◀  / 440  ▶