гэтага караля маркізе Пампадур. Яна сказала яе ў 1757 г., каб суцешыць караля пасля паражэння яго войск. Хоць разарвіся каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хоть разорвись, укр. хоч разірвися). Ужыв. са значэннямі 'каму-н. неабходна адразу рабіць некалькі спраў' і 'нягледзячы ні на якія старанні, намаганні; што ні рабі (не выходзіць, не атрымліваецца што-н.)'. У каго дзесяць якіх дзесяцін ці, скажам, чатырнаццаць, як у мяне, таму няўпраўка, таму хоць разарвіся (П. Галавач. Праз гады). A кабыла Андрэева — важная кабыла! Не скора такую цяпер набудзеш. Чалавеку цяпер проста хоць ты разарвіся з жалю (К. Крапіва. Мядзведзічы). Узнік, відаць, на вобразнай аснове фразеалагізма разрывацца на часткі (гл.) і сэнсава суадносіцца з ім y сваім першым значэнні. Хоць рэпку спявай. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча. Горка, горка давядзецца, ты старога запытай. Ой, часамі так прыпрэцца, што хоць рэпачку спявай! (Я. Колас. Сымон-музыка). У Старажытнай Русі рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, a то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае У. Даль, прыстойную. Хоць святых вынось. Агульны для ўсходнесл. м. Няма сіл цярпець што-н.; нясцерпна, нязносна для іншых. Адно кепска — пад раніцу паветра стала гэткае, што хоць, як кажуць, святых вынось… (М. Машара. Ішоў двадцаты год). Узнікненне фразеалагізма звязана з умовамі старога быту, звычаем шанавання ікон. Абразы, якія можна было бачыць у кожным доме над застоллем, называліся «святымі». У выпадку пажару першымі выносіліся з агню абразы. У прысутнасці «святых» нельга было дапускаць нічога грэшнага. Стараверы, напрыклад, калі такое здаралася ў іх хаце, завешвалі абразы або пераносілі іх куды-небудзь. Такім чынам, хоць святых вынось — гэта першапачаткова 'хоць абразы вынось' (бо пачалося нешта абразлівае для «святых» — шум, хлусня і г. д.). Хоць у плуг запрагай каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. — Доктар! Я здаровы, як бык… — Што яго глядзець?! Гэтага буйвала хоць у плуг запрагай… (Я. Палубятка. Дуралесіца). У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя
11 👁