Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі 'доўга спаць, вылежвацца' і 'весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.'. Дзед-жабрак прачнуўся рана, будзіць хлопца. — Уставай! Хварэць нечага на пана, хоць падзяку людзям дай! (Я. Колас. Сымон-музыка). Бач, захварэў на пана… Няма таго, каб аддаць дабрыдзень, з людзьмі па-людску паздароўкацца… (І.Аношкін. Букет бэзу). Выраз з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана». Утвораны па сінтаксічнай мадэлі хварэць на сухоты і, відаць, пад уплывам устойлівага словазлучэння панская хвароба, якое ўжываецца іранічна пры ацэнцы таго, хто «з-за ляноты прытвараецца хворым і не ідзе на работу» (І.І.Насовіч). Хвост падтуліць (падціснуць). Фразеалагізм з такой вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў руск. (поджать хвост), укр. (піджати хвіст), балг. (свия си опашка), серб. — харв. (подвити реп) м. Яго сэнс — 'спалохаўшыся, стаць асцярожным'. Ідзі, ідзі, погань буржуйская… Бач, хвост падціснуў, калі на лапы наступілі… (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). Выраз узнік y выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей ваўка ці сабакі: воўк звычайна ходзіць, падтуліўшы хвост; сабака, калі на яго накрычыць гаспадар, бяжыць з падтуленым хвастом у будку. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці: «А Воўка сядзеў, як той цюцька, падтуліўшы хвост, і маўчаў, нічога не казаў матцы» (Л. Арабей). Хлеб адбіць у каго. Агульны для ўсходнесл. м.(руск. хлеб отбить, укр. хліб відбити). Пазбавіць кагосьці заробку, узяўшыся за тую самую працу, справу. Хэ-хэ… Ты хочаш хлеб адбіць у мяне… Ды ці толькі ў мяне, тут і па будаўнічай лініі ці мала чаго намудравана… (М. Зарэцкі. Вязьмо). Узнік y выніку зліцця паасобных значэнняў y агульнае аналітычнае значэнне, якое суадносіцца са словамі адбіць і хлеб y свабодным ужыванні: адбіць —'сілком адабраць што-н.', хлеб — 'сродкі існавання'. Хлеб надзённы. Паўкалька з царк. — слав. м. Выраз паходзіць з малітвы, прыведзенай у Евангеллі (Матфей, 6, 11): «Хлеб наш насущный даждь нам днесь» (хлеб, патрэбны для існавання, дай нам на гэты дзень). У сучаснай бел. м. фразеалагізм ужываецца і са сваім першасным значэннем — 'неабходныя сродкі для жыцця', і з новым, якое развілося на яго аснове, — 'самае важнае, самае неабходнае'. Сымон добра ведаў цану жыцця. І з першага курса
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
31 👁
 ◀  / 440  ▶