Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Склаўся на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўпершыню быў ужыты ў 1946 г. y выступленні прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі У. Чэрчыля ў Фултане і служыў для абазначэння варожай палітыкі капіталістычных дзяржаў y адносінах да Савецкага Саюза ва ўмовах афіцыйнага міру. Хапацца за саломінку. Гл. за саломінку ўхапіцца. Хапацца (ухапіцца) абедзвюма рукамі за што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хвататься обеими руками, укр. хвататися обома руками). 3 вялікай ахвотай скарыстоўваць што-н. Ніводзін з памянёных маіх паходаў не звязаны з турызмам. Усё гэта рабілася пры выпадках і па неабходнасці, хаця за такія выпадкі я заўсёды хапаўся абедзвюма рукамі (У. Корбан. Цеплаход ідзе на Поўнач). Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння ў выніку яго пераасэнсавання, пераносу дзеяння з канкрэтных прадметаў, за якія можна ў прамым сэнсе хапацца абедзвюма рукамі, на абстрактныя. Хапацца (хапіцца) за галаву. Агульны для ўсходнесл. м. Разгубіўшыся, не ведаць, што рабіць, прыходзіць у адчай. [Пятру Тадаровічу] пашанцавала, і ён адгарадзіўся ад усяго свету! Але ўжо ў настпупную хвіліну ён хапіўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду (К. Чорны. Семнаццаць год). Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд. Мая (твая і інш.) хата з краю. Агульны для ўсходнеслав. м. Каго-н. зусім не датычыцца; хто-н. не мае ніякіх адносін да каго-н. Доўга не думаючы, я адказаў, што… няхай пра гэта думае той, каму належыць. Хто ў гэтым вінаваты. — Словам — мая хата з краю. Самы бяздушны бюракратызм. Няхай гіне дабро, а вы пільнуецеся літары закону (Я. Скрыган. Дакументальная рэвізія). Паходзіць з прыказкі Мая хата з краю, нічога не знаю. Ужываючыся без другой часткі, фразеалагізм набыў большае абагульненне, уласцівасць лексічнай замены першага кампанекта і, такім чынам, большы дыяпазон спалучальнасці, тады як поўная форма не можа мець такой магчымасці, бо замена кампанента займеннікамі, якія ўказваюць на прыналежнасць не першай асобе адз. л. (твая, яго, наша і інш.), прывяла б да разбурэння рыфмы, што звязвае абедзве часткі і з'яўляецца неад'емнай асаблівасцю гэтай прыказкі. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў сучаснай мове: мая хата з краю (Я. Колас); твая хата з краю (К. Крапіва); наша хата з краю (І.Шамякін); іхняя хата з краю (М. Лынькоў); ваша хата з краю (А. Куляшоў); хата з краю (М. Лужанін); яго хата з краю (А. Бачыла); яе хата з краю (І.Навуменка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зяўляецца, неадемнай, прэмер
19 👁
 ◀  / 440  ▶