Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
архіпелага ГУЛАГа, адкуль змог выбавіцца толькі ў пяцідзесятых гадах, у час «хрушчоўскай адлігі» (А. Лойка. 3 лагерных вершаў). Паходзіць ад назвы трохтомнай кнігі (1958–1979) А. Салжаніцына. У кнізе (яна мае падзагаловак «Спроба мастацкага даследавания») расказваецца пра турэмную і лагерную сістэму ў Савецкім Саюзе з 1918 па 1956 г., пра следства, суды, этапы, ссылку і «душэўныя змяненні за арыштанцкія гады». Аўтар размяжоўвае ў кнізе напісанні: «ГУЛАГ для абазначэння лагернай краіны, Архіпелага; ГУЛаг — для абазначэння Галоўнага ўпраўлення лагераў і яго апарата». Аршын з шапкай. Агульны для бел. і руск. м. Вельмі малы, невысокі нізкарослы. Ды які ж з яго мужчына?.. Аршын з шапкаю. Такога і варона панясла б, каб схапіла за каршэнь (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца). Аршын даўнейшая мера даўжыні, роўная 71,12 см, якой карысталіся на Беларусі, у Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы. Кампанент аршын выступае як сэнсаўтваральны. Іншыя кампаненты (з шапкай) этымалагічна маюць дачыненне не да аршына, а да нізкарослага чалавека, які разам са сваёй шапкай прыраўноўваецца да аршына. Арыядніна ніць. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Сродак выйсці з цяжкага становішча. Ада, Арыяда, Арыядна! Мне б цябе і любіць і сніць, толькі дзе, скажы, Арыядна, Арыядніна твая ніць? (А. Вярцінскі. Арыядніна ніць). Паходзіць з міфа пра афінскага героя Тэзея. Найважнейшым подзвігам Тэзея было знішчэнне Мінатаўра — пачвары з чалавечым тулавам і бычынай галавой. Гэтаму страшыдлу, які жыў у лабірынце, адкуль ніхто не мог знайсці выхаду, афіняне, паводле загаду крыцкага цара Мінаса, кожны год (другі варыянт: адзін раз у тры гады) ахвяравалі сем юнакоў і столькі ж дзяўчат. Дайшла чарга і да Тэзея. Але яму дапамагла Арыядна — дачка цара Мінаса, якая пакахала юнака і дала яму востры меч і клубок нітак. Прывязаўшы нітку ля ўваходу і размотваючы клубок, Тэзей дабраўся да Мінатаўра і, забіўшы яго, па нітцы знайшоў выйсце з заблытаных хадоў лабірынта, а таксама вывеў іншых асуджаных на з'ядзенне. Арэдавы вякі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўга (жыць, пражыць). Гэта во мая Мар'я Васільеўна. Пражылі мы з ёю арэдавы вякі, а дзяцей не займелі (М. Лобан. Шэметы). Паходзіць з біблейскага аповеду (Быццё, 5, 15) пра патрыярха Іарэда, які пражыў нібыта 962 гады. Асадзі назад! Уласна бел. Прэч (як патрабаванне пазбавіцца ад каго- ці чаго-н.). Цемра, мукі, гора, — асадзі назад! (Н. Гілевіч. Асадзі назад).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
94 👁
 ◀  / 440  ▶