Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Апалоскваць (апаласкаць; паласкаць, папаласкаць) косці (костачкі) чые, каго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі 'займацца плёткамі, абгаворваць каго-н.' і 'асуджаць чые-н. недахопы'. Людзі добрыя! Апалосквае чужыя косці ды яшчэ чаго вяжашся! (К. Чорны. Зямля). [У Рыгора] іншых думак поўна. Бадай што і цяпер вось, калі тутака паломчам яго костачкі, ён там дэманструе з бастуючымі рабочымі (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Склаўся на аснове ўсходнесл. фразеалагізма перамываць костачкі (чые, каго, каму) (гл.), узнікненне якога звязана з абрадам паўторнага пахавання. Перамываючы костачкі нябожчыка, трэба было, як даўней лічылі, вызваліць грэшніка ад закляцця, калі ён не паспеў перад смерцю раскаяцца, бо такі грэшнік-нябожчык нібыта выходзіў у выглядзе вампіра ці пярэваратня з магілы і смактаў кроў з жывых. Апошні акт. Гл. пяты (апошні) акт. Апошні з магікан. Паўкалька з англ. м. (thе lаst оf the Моhісапs). Прадстаўнік якога-н. тыпу, што знікае. Мы тут — «апошнія з магікан»: усё яшчэ самі пячом хлеб. На лісці. Дубовым і кляновым (І. Шамякін. Непрыгожая). Выраз з аднайменнага рамана (1826) Ф. Купера. Магікане — вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У рамане расказваецца пра цяжкую долю апошняга прадстаўніка гэтага племя, вынішчанага еўрапейскімі каланізатарамі. Апошняя ў папа жонка. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Ужыв. як рэакцыя суразмоўніка ка слова апошні. Не, не апошні. —Занясі маю сукенку ў камісійны. Чорт яе бяры, нажывём пасля. — Тады ўжо лепш свой касцюм занясу… — Апошні свой? — Апошняя ў папа жонка. А чым благі на мне? (В. Мыслівец. Задняпроўцы). Досціп фразеалагізма ў тым, што ў папа сапраўды жонка заўсёды першая і апошняя: папу забаронена жаніцца другі раз. У зборніках І. Насовіча і Е. Раманава падаецца з некалькі звужаным тлумачэннем: 'кажуць жартаўліва, калі хто гаворыць, што ў яго патрабуюць апошняй рэчы', 'суцяшэнне пры страце'. Апускаць галаву. Гл. вешаць (апускаць) галаву. Араць дарогі(-у). Уласна бел. Гаварыць ці рабіць якое-н. глупства. — Тукі, тукі, гаспада, — асіпла перабівала яе такая ж нізенькая і кучаравая, што авечка, гандлярка. Ганчар перавёў здзіўлены позірк з адной на другую. — Іч, падлы, дарогу аруць! (В. Коўтун. Крыж міласэрнасці). Відаць, з прыказкі Каб свінні рогі, арала б дарогі. Архіпелаг ГУЛАГ. Запазыч. з руск. м. Канцэнтрацыйныя лагеры ў перыяд сталінскага таталітарызму. Малады паэт атрымаў дзесяць гадоў зняволення, быў адпраўлены ў найжорсткую пашчу
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
58 👁
 ◀  / 440  ▶