У Магілёўскую губерню трапіць, папасці, збірацца і пад. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў адсутнічае). У замагільны свет, супрацьпастаўлены зямному жыццю. У нас, калі богу душу аддаў, кажуць: перасяліўся ў Магілёўскую губерню (М. Гроднеў. Нязведаная даль).
Выраз каламбурнага характару: тут прыметнікавы кампанент асацыятыўна збліжаецца са словам магіла ('яма для пахавання памерлых'). Гл. таксама адпраўляць у Магілёўскую губерню.
У міг вока. Агульны для бел. і ўкр. (у міг ока) м. Адразу ж, вельмі хутка, імгненна (зрабіць што-н.). Салдат, што апынуўся побач, у міг вока шпурнуў туды гранату і каменем упаў на зямлю (А. Кулакоўскі. Сустрэчы на ростанях).
Відаць, склаўся пад уплывам фразеалагізма ў імгненне вока, які ўжываўся яшчэ ў XVI ст., напрыклад, у «Катэхізісе» С. Буднага («въ мгненіи ока»). Першапачаткова выраз абазначаў час, за які можна адзін раз мігнуць, маргнуць.
У момант вока. Уласна бел. Адразу ж, вельмі хутка, імгненна (зрабіць што-н.). У момант вока ўгары матнуўся пас высока і ў тую ж самую хвіліну агнём апёк Алесю спіну (Я. Колас. Новая зямля).
Утвораны па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі выразамі ў імгненне вока, у міг вока (гл.) з заменай другога кампанента словам момант, зыходнае значэнне якога — 'імгненне, міг'.
Умыванне рук. Уласна бел. Адмаўленне ад удзелу ў чым-н. ці ўхіленне ад адказнасці. А можа, усе гэтыя разважанні—такая, больш-менш зручная, форма ўмывання рук (Я. Брыль. На раздарожжы).
Вытворны назоўнікавы фразеалагізм на аснове суадноснага дзеяслоўнага ўмываць рукі (гл.).
У мыле. Агульны для ўсходнесл. м. Змучаны напружанай работай. [Сухадольскі:] Спакойнае ў вас жыццё. Аўрал, усе ў мыле, а вы сабе займаецеся вывучэннем матэрыялу (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Склаўся праз супастаўленне чалавека, змучанага работай, з канём, які пасля працяглага бегу пакрываецца белай пенай, падобнай на мыльную (яе называюць мылам). Параўн.: «Конь быў увесь у мыле і цяжка дыхаў» (М. Лынькоў).
Умыць рукі. Запазычанне з царк. — слав. м. Ухіліцца ад адказнасці, ад удзелу ў чымсьці. Я во не разумею. Чаму гэтыя дзядзі важныя не паклапаціліся, каб не было гэтых самых — бязвесных? Няўжо яны ўсе ўмылі рукі? (В. Быкаў. Абеліск).
164 👁