Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна не патрэбна ні на што, яе толькі выкінуць вон на патаптанне людзям». Сорак саракоў чаго. Запазыч. з руск. м. Незлічонае мноства, вялікая колькасць. Крыж сімвалам галоўным быў князёў, баярынаў, купцоў, крыжоў маскоўскіх не лічыў казалі — сорак саракоў (П. Броўка. Крыжы і зоркі). Першапачаткова ўжываўся ў спалучэнні толькі са словам царква для абазначэння вялікай колькасці цэркваў y старой Маскве. Сорак — лічэбнік усходнеславянскага паходжання, адзінка падліку, роўная чатыром дзесяткам. Спачатку словам сорак называлі мяшок, y якім змяшчалася 40 собалевых шкурак, г. зн. неабходны набор на поўную шубу. Спаймаць лісу. Гл. злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу). Спакон вякоў (веку). Агульны для бел. і руск. м. (руск. испокон веков; параўн. ва ўкр. м.: споконвіку, споконвічно, споконвіків). 3 самага даўняга часу, спрадвеку. Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына; паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай (Я. Купала. Спадчына). Першапачатковы сэнс выразу — 'з самага пачатку вякоў' Марфемны склад першага кампанента генетычна такі: с + па + кон, дзе кон абазначае пачатак'. Спаліць за сабой масты. 3 той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, фразеалагізм жыве ва ўсіх славянскіх мовах, a таксама ў франц., ням. ііншых. Абазначае 'рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго'. Для людзей, якія ўжо спалілі за сабой масты, спозненыя разважанні хлопцаў — будзь яны найкрыштальнейшай праўдай! — цяпер былі непажаданымі (А. Карпюк. Вершалінскі рай). Выраз «ваеннага паходжання». Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі напярэдадні Кулікоўскай бітвы. Спаліць свае караблі. Гл. паліць (спаліць) свае караблі. Спачываць на лаўрах. Паўкалька з франц. м. (se reposer sur ses lauriers). Супакойвацца на дасягнутым, задавольвацца дасягнутым. Напэўна ўжо раман цудоўны ён нам падараваў бы, каб трызніў менш вянком лаўровым, менш спачываў на лаўрах (Г. Кляўко. Нязжатыя лаўры
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
37 👁
 ◀  / 440  ▶