Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са звычкай мядзведзя жыць зімой у бярлозе за кошт тлушчавых запасаў, смокчучы сваю лапу.
Смаловы (смаляны) дуб плесці. Агульны для бел. і ўкр. (смаленого дуба плести) м. Небыліцы, недарэчнасць. — Чаго ж вы тут смаляныя дубы плялі? — не вытрымаў я. — Васільку такое неслі, што… —А я не Васільку, а табе (А. Шлег. Весялун).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі. Выраз ужываецца і ў польск. літаратурнай мове (у форме duby smalone), куды ён трапіў з творчасці А.Міцкевіча, які запазычыў яго з родных для паэта навагрудскіх гаворак.
Смертны грэх. Гл. смяротны (смертны, смяртэльны) грэх.
Смех у зале. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н. недарэчнага, вартага смеху. Смех у зале, як кажа сучасная моладзь, — гадаваўся на бульбе, ды каб не ведаць, як яе пасадзіць ці акучыць ды выкапаць? (А. Ярась. Дзень сонечных промняў).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое сустракаецца ў чыім-н. апублікаваным выступленні, дакладзе як паказчык адносін слухачоў да асобных выказванняў прамоўцы.
Смяротны (смертны, смяртэльны) грэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі вялікая загана, недаравальны ўчынак. Міхаіл Іпалітавіч напісаў запіску ў міністэрства. І добра, што напісаў. Там паспелі ўжо абвінаваціць яго ў самых смяротных грахах (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).
Паходзіць з Бібліі (1-е пасланне Іаана, 5, 16–17). Паводле рэлігійных уяўленняў, гэта грэх, які нельга нічым згладзіць і вынікам якога з'яўляецца вечная мука ў пекле. Лічылася, што ёсць сем смяротных грахоў: зайздрасць, скупасць, распуста, аб'ядзенне, гордасць, маркота, гнеў. У далейшым царкоўнаславянскае словазлучэнне фразеалагізавалася, набыло абагульнены сэнс.
Соваць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.
Соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, у што. Калька з ням. м. (die seine Nase stecken). Умешвацца ў што-н. — А ты не сунь свайго носа, куды цябе нг просяць, бо дастанеш, — пацьмянеў Грамабой (К. Крапіва. Мядзведзічы).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Соль зямлі. Запазыч. з царк. — слав. м. Лепшыя прадстаўнікі народа, цвет якога-н. асяроддзя. Не магу я выхваляцца, што, маўляў я соль зямлі, бо ў мяне такая праца — кожны дзень мялі й мялі (Я. Непачаловіч. Млынар).
Паводле Евангелля (Матфей, 5, 13), гэтымі словамі назваў сваіх вучняў Ісус, звяртаючыся да іх з казанню: «Вы соль зямлі
175 👁